Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папаўненьні году ў сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: Facebook музыкаў, фільм пра сталінскія рэпрэсіі, кніга пра Радыё Свабода


Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Цяпер у «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» 8172 пазыцыі.

Летась улады Беларусі працягнулі прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай». За 2025 год суды прызналі «экстрэмісцкімі» 2107 інфармацыйных матэрыялаў — ад Telegram-каналаў і TikTok-акаўнтаў да кніг, сайтаў міжнародных арганізацыяў і старонкі зь сьпісам палітвязьняў. «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» разросься да 1928 старонак і 8172 пазыцыяў.

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2025 годзе «экстрэмісцкімі» прызналі:

  • 469 Telegram-каналаў і чатаў;
  • 411 Instagram-старонкі;
  • 319 TikTok-акаўнтаў;
  • 222 старонкі і суполкі ў Facebook;
  • 143 старонкі і суполкі ў VK;
  • 118 Youtube-каналаў;
  • 99 старонкі і суполкі ў «Одноклассниках»;
  • 21 акаўнт у X;
  • 4 старонкі ў Viber.

У шэраг «экстрэмісцкіх» летась трапілі такія вядомыя беларускія рэсурсы, як старонка ў Facebook музычнага гурту Naviband – Belarus, Тэлеграм-канал Беларускага ПЭНу, старонка «Вясны» зь сьпісам беларускіх палітвязьняў, кнігі Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж», кніга Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» ды іншыя творы.

Апроч гэтага, Міністэрства інфармацыі вядзе сьпіс забароненых да распаўсюду кніг. Агулам у гэтым сьпісе 225 пазыцыяў.

«Экстрэмісцкім» стаў і дакумэнтальны фільм «Лес», у якім паказана некалькі рэальных гісторыяў 1930-х гадоў аб сталінскіх рэпрэсіях. Адна зь іх пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у сумна вядомым Навабеліцкім лесе пад Гомлем.

Фільм «Лес» прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» суд Цэнтральнага раёну Гомля 29 студзеня.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у 2025 годзе топ-5 самых рэпрэсіўных у катэгорыі раздачы «экстрэмісцкага» статусу судоў выглядаў гэтак:

  • суд Ленінскага раёну Магілёва — 102 рашэньні;
  • суд Ленінскага раёну Горадні — 91;
  • суд Ленінскага раёну Берасьця — 83;
  • суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы — 75;
  • суд Цэнтральнага раёну Менску — 73.

За апошнія пяць гадоў суды Беларусі прызналі каля васьмі тысяч відаў інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі», у тым ліку асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках актывістаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячоў і звычайных грамадзян.

Юрыдычная служба «Вясны» прааналізавала практыку прызнаньня інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай». У адрозьненьне ад сьпісаў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» вядзецца на падставе рашэньняў судоў. Гэта можа быць кожны раённы суд Беларусі ў залежнасьці ад таго, які РАУС выявіць непажаданую старонку і падрыхтуе дакумэнты на прызнаньне яе «экстрэмісцкаю». Суд прызнае матэрыял «экстрэмісцкім», а МУС праз пэўны час уносіць яго ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Актуальная вэрсія сьпісу публікуецца на афіцыйным сайце МУС.

Наступствы для ўладальнікаў і карыстальнікаў

Асноўнае наступства прызнаньня старонкі «экстрэмісцкай» — адміністрацыйная адказнасьць. Частка 2 артыкулу 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае адказнасьць ўладальніка старонкі, а таксама тых, хто ўзаемадзейнічае з старонкай (падпіскі, камэнтары, падабайкі, рэпосты і перасылкі).

Суд можа прызначыць штраф ці адміністрацыйны арышт. Дадаткова прызначаецца канфіскацыя тэлефона ці іншага гаджэту, на якім міліцыя знайшла пацьверджаньне ўзаемадзеяньня з «экстрэмісцкай» старонкай.

Адказнасьці ня цягне за сабой чытаньне і прагляд інфармацыйных рэсурсаў, патлумачылі праваабаронцы «Вясны».

Юрыдычная служба праваабарончай арганізацыі раіць уладальнікам старонак, прызнаных «экстрэмісцкімі», каля яны знаходзяцца ў Беларусі, выдаліць такую старонку. «Не выдаляючы старонку, вы рызыкуеце атрымаць штраф або арышт за „стварэньне экстрэмісцкага матэрыялу“ (арт. 19.11 КаАП)».

Як паказвае практыка, недастаткова зрабіць старонку „прыватнай“, бо яе статус ніяк не ўплывае на юрыдычную ацэнку яе зьмесьціва».

Другая парада праваабаронцаў — пра бясьпеку падпісчыкаў.

«Варта расказаць у сваіх сацыяльных сетках, што старонка прызнана „экстрэмісцкім матэрыялам“. У такім выпадку людзям у Беларусі ці тым, хто плянуе паездку ў Беларусь, варта адпісацца ад старонкі, не лайкаць і не камэнтаваць публікацыі, прыбраць папярэднія падабайкі і камэнтары на старонцы, не перасылаць іншым ці рэпосьціць асобныя публікацыі на старонцы і агулам спасылку на яе. Гэта можа істотна зьнізіць рызыкі для іх», — раіць юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.

Пры гэтым праваабаронца папярэджвае, што калі скрыншоты ўжо зроблены або інфармацыя трапіла ў базу зьвестак міліцыі, поўную бясьпеку гарантаваць немагчыма.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG