У 2025 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп тэлефанаваў Лукашэнку, называў «глыбокапаважаным прэзыдэнтам Беларусі», адбываліся рэгулярныя і плённыя беларуска-амэрыканскія перамовы. Ці будзе ў 2026 годзе працяг гэтай палітыкі дыялёгу і прызнаньня? Два крытэры — ці адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Трампа і колькі заходніх амбасадараў прыедуць у Менск?
На думку Віталя Цыганкова сустрэча малаімаверная, бо Лукашэнка не зьяўляецца для Трампа дастаткова важнай фігурай. Паводле аналітыка, магчымы ўдзел Лукашэнкі ў шматбаковай мірнай канфэрэнцыі з удзелам ЗША, Украіны, РФ і рэгіянальных лідэраў. Што да амбасадараў — Цыганкоў не выключае прыезду аднаго-двух, у тым ліку, магчыма, і амэрыканскага. «Гэта не трагедыя для дэмакратычных сілаў ці звычайных беларусаў, бо амбасада будзе працаваць і выдаваць візы», — адзначае ён.
Некаторыя экспэрты і палітыкі летась выказвалі меркаваньне, што розьніца паміж палітыкай ЗША і палітыкай Эўразьвязу адносна Беларусі — гэта гульня ў «добрага паліцэйскага» і «кепскага паліцэйскага». У іншых уяўленьне, што гэта раскол, што Амэрыка і Эўропа ідуць рознымі шляхамі. У 2026 годзе яны ў беларускім пытаньні зблізяцца ці яшчэ далей разыйдуцца?
Валер Карбалевіч ня бачыць пэрспэктывы збліжэньня пазыцыяў ЗША і ЭЗ адносна афіцыйнага Менску. Аднак паводле яго, мір ва Ўкраіне можа зьмяніць сытуацыю. Аглядальнік Свабоды мяркуе, што для поўнага ўрэгуляваньня будзе патрэбны ўдзел Беларусі, абмежаваньне расейскай вайсковай прысутнасьці і ўдзел Лукашэнкі ў перамовах. Карбалевіч лічыць, што ў выпадку завяршэньня баявых дзеяньняў санкцыі за вайну будуць зьнятыя з Расеі і немагчыма будзе захоўваць іх адносна Беларусі.
І Цыганкоў, і Карбалевіч не прадбачаць кардынальных зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй — яны не прадказваюць ні анэксіі Беларусі Расеяй, ні разрыву саюзьніцкіх адносінаў.
Карбалевіч адзначыў, што працяг перамоваў з ЗША дасьць Лукашэнку больш прасторы манэўру, што можа прывесьці да пэўнага дыстанцыяваньня ад Масквы.
Цыганкоў адзначыў, што пагроза незалежнасьці Беларусі існуе з моманту яе атрыманьня. Ён заўважае, што Расея ў 2026 годзе будзе працягваць умацоўваць уплыў «рускага міру» у Беларусі, гэты працэс паглыбіўся пасьля 2020-2021 гадоў у сфэрах ідэалёгіі, культуры і гістарычнай палітыкі. На думку аглядальніка, ужо нават Лукашэнка ўсьвядоміў, што гэта стварае пагрозу ягонай уладзе, летась ён публічна заклікаў расейскага амбасадара Барыса Грызлова зьменшыць актыўнасьць «Роскомсотрудничества» — расейскай урадавай структуры, якая як раз адказная за распаўсюд у сьвеце ідэалёгіі «рускага міру».
Цыганкоў прагназуе ў 2026 годзе істотныя зьмены ў расейскай эканоміцы. Паводле яго там ужо назіраецца зьніжэньне тэмпаў росту, патаньнела нафта, можа нарэшце сказацца эфэкт санкцыяў. Аналітык мяркуе, што гэта можа прывесьці да большай дамоваздольнасьці Крамля.
Форум