У 2025 годзе на волю па памілаваньні выйшлі шэраг буйных грамадзкіх і палітычных постацяў — Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Павал Севярынец, Ўладзімер Мацкевіч, Аляксандар Фядута. На травень 2026 году прызначаныя выбары ў Каардынацыйную раду новага скліканьня. Якіх зьменаў можна чакаць у дэмакратычных сілах у 2026 годзе?
Віталь Цыганкоў разьлічвае, што канфігурацыя дэмакратычных сілаў сёлета ня зьменіцца радыкальна, бо гэта не прынясе карысьці. Ён мяркуе, што Сьвятлана Ціханоўская застанецца лідэрам, дзякуючы статусу верагоднай пераможцы выбараў 2020 году, паводле аналітыка ніхто ня можа яе замяніць.
Вызваленыя палітыкі, на яго думку, разумеюць сытуацыю і ня будуць ствараць альтэрнатыўныя цэнтры. Ён прыгадаў няўдалыя спробы Валера Цапкалы стварыць такі цэнтар.
Цыганкоў скептычна ацэньвае шанцы Віктара Бабарыкі на лідэрства, у 2020 годзе ён быў уплывовым банкірам, а цяпер ён былы палітвязень без ранейшага ўплыву і багацьця. Палітычны аглядальнік чакае, што вызваленыя палітыкі будуць супрацоўнічаць з Ціханоўскай без вострых канфліктаў.
У 2023 годзе экспэрты Свабоды ў пераважнай большасьці прадказвалі, што ў выбарах новага складу Каардынацыйнай рады (КР) у 2024 годзе возьмуць удзел дзясяткі тысячаў беларусаў, але прагаласавала толькі 6723 чалавекі. На выбары прагнозы экспэртаў больш асьцярожныя, большасьць мяркуе, што яўка не перавысіць 10 тысячаў. Аднак, калі ў выбарах КР сёлета возьмуць удзел Бабарыка, Калесьнікава, Ціханоўскі, Севярынец, гэта можа зьмяніць сытуацыю.
На думку Валера Карбалевіча, на яўку на выбарах у КР будуць уплываць два супрацьлеглыя фактары. Пазытыўны — вызваленьне палітвязьняў выклікала ажыўленьне ў грамадзтве, у прыватнасьці, у дыяспары, павялічылася цікавасьць да палітыкі. Вызваленьне яшчэ значнай колькасьці палітвязьняў, пра магчымасьць чаго казаў у сьнежні 2025 году Коўл, узмацніць палітызацыю. Таксама магчымае замірэньне ва Ўкраіне можа падвысіць цікавасьць да выбараў у КР. Нэгатыўны фактар — тое, што імпульс 2020 году робіцца слабейшым з кожным годам. Балянс гэтых фактараў невядомы.
Зьяўленьне знакавых фігураў можа павялічыць канфліктнасьць у апазыцыі, але Карбалевіч спадзяецца на здаровы сэнс: што яны ня будуць ствараць канкуруючыя цэнтры, а ўпішуцца ў сыстэму офісу Ціханоўскай. У якасьці прыкладу аналітык прыгадаў Паўла Латушку, які, нягледзячы на вялікія амбіцыі, далучыўся да калектыўнай гульні. Карбалевіч мяркуе, што вызваленыя палітыкі будуць уплываць знутры каманды Ціханоўскай, якая застанецца дамінуючай.
Форум