Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё, што мае Ціханоўская — гэта сымбалічны капітал», — філёзаф Уладзімер Мацкевіч


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Былы палітвязень, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч у праграме «Палітыка зь Юрыям Дракахрустам» выклаў сваё бачаньне ролі Сьвятланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады ў сучаснай беларускай палітыцы.

Мацкевіч мяркуе, што калі здарыцца нечаканая падзея, якая можа раптоўна адкрыць вакно магчымасьцяў (скажам, сыход Лукашэнкі з палітыкі ў выніку падзеньня на хакейным матчы), апазыцыйныя структуры цяпер не гатовыя скарыстацца гэтым.

На думку філёзафа на гэта няздольныя офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная Рада, якія ён называе імітацыйнымі структурамі: «Ні офіс Ціханоўскай, ні Абʼяднаны пераходны кабінэт, ні НАУ Паўла Латушкі не маюць рэальнай улады нават над сваім бліжэйшым асяродзьдзем, яны не здольныя гарантаваць выкананьне сваіх рашэньняў» — кажа былы палітвязень.

На яго думку, усё, чым валодае Ціханоўская — гэта сымбалічны капітал, які ніхто іншы (ні Латушка, ні Цапкала, ні нават Бабарыка) ня могуць у яе пераняць. Але гэта і ўсё, чым яна валодае, мяркуе Мацкевіч. Паводле яго гэты капітал трэба захоўваць і выкарыстоўваць выключна для таго, каб «трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня» (як фармулюе гэтую мэту Франак Вячорка), «на большае офіс цяпер не здольны».

Мацкевіч лічыць, што людзі не разумеюць, навошта патрэбная Каардынацыйная Рада і якія функцыі яна павінна выконваць, хоць на травень 2026 году абвешчаныя яе новыя выбары. Сам Мацкевіч не зьбіраецца ісьці на гэтыя выбары, ён мае намер засяродзіцца на тлумачэньні грамадзтву (асабліва дыяспары), якімі функцыямі трэба надзяліць Каардынацыйную Раду, каб надаць рэалістычны сэнс астатнім сымуляцыйным, на думку філёзафа, структурам (НАУ, Абʼяднаны пераходны кабінэт).

«Нельга ўзвальваць на гэтыя структуры непадʼёмныя задачы, якія яны не здольныя выканаць. Асабліва нельга патрабаваць ад офісу Ціханоўскай, каб ён дапамагаў кожнаму ўцекачу ці палітвязьню — гэта функцыі грамадзянскай супольнасьці (BelPol, Bysol, фонды, валянтэрскія арганізацыі)» — кажа ён.

Паводле Мацкевіча трэба зрабіць працаздольнымі існуючыя структуры дыяспары, а цэнтральнае месца сярод іх павінен займаць сапраўдны прадстаўнічы орган усёй замежнай беларускай супольнасьці. «На сёньня гэтую ролю можа выканаць толькі Каардынацыйная Рада — пры ўмове правільнага вызначэньня яе функцыяў» — мяркуе ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG