Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шантаж хворай бабуляй, візіты да маці. Гісторыі палітычных уцекачоў, якіх «апрацоўваюць» беларускія сілавікі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Спэцслужбы выходзяць на сувязь зь беларускімі актывістамі і журналістамі, што знаходзяцца за мяжой, праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Звоняць, прыходзяць да іхных сваякоў у Беларусі, паведамляюць пра завядзеньне новых справаў. Ня ўсе пагаджаюцца расказваць пра такія выпадкі публічна.

У канцы лістапада вядомая беларуская журналістка, карэспандэнтка расейскай «Новой газеты Европа» Ірына Халіп паведаміла, што ў яе пажылых бацькоў у Менску быў ператрус. Сілавікі паказалі бацькам пастанову, зь якой вынікала, што падстава для ператрусу — крымінальная справа супраць журналісткі, але артыкул не назвалі. Справу завяла пракуратура Наваполацку.

Прыкладна ў той жа час журналістка Марыя Грыц атрымала ў фэйсбуку паведамленьне з акаўнту Валерыя Пятрова. Суразмоўца прапанаваў «канструктыўны дыялёг»:

«Нам патрэбная інфармацыя аб працэсах, што адбываюцца ўнутры так званых „дэмсіл“, дыяспары». Узамен можам прапанаваць грашовую падтрымку, або, калі Вам цікава, разгледзець магчымасьць наведваньня Вамі краіны без праблем для Вас».

Марыя Грыц, архіўнае фота
Марыя Грыц, архіўнае фота

Яшчэ адной журналістцы, Аксане Колб, 11 лістапада 2025 году пазваніў супрацоўнік Фрунзэнскага РУУС Менску, які паведаміў, што ў канцы 2023 году ўпраўленьне сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці завяло на яе новую справу паводле ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч.1 арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). У 2022 годзе Колб была асуджаная на 2,5 году «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову і зьехала зь Беларусі. У размове сьледчы запытаўся, ці зьбіраецца Аксана вярнуцца ў Беларусь. Тая адказала, што пры цяперашняй уладзе не плянуе.

Летам 2025 году актывістам і журналістам падобныя прапановы прыходзілі зь іншага акаўнту ў фэйсбуку — Maria Pulkovskay.

Мужчынскі голас

Агалошваць публічна падобныя размовы зь сілавікамі гатовыя далёка ня ўсе беларускія палітычныя ўцекачы. Многія баяцца рабіць гэта, як яны тлумачаць, дзеля бясьпекі сваякоў, што застаюцца ў Беларусі.

«Мэтады ўзьдзеяньня сілавікоў маральнасьцю і этычнасьцю не вызначаюцца, як пацьвярджае прыклад з допытам тых ж бацькоў Ірыны Халіп, якім далёка за 80, дый адкрытыя пагрозы прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка, — кажа беларуска Галіна (імя зьмененае у мэтах бясьпекі. –- РС), якая мусіла зьехаць зь Беларусі. Разумеюць, што самога чалавека, якога нібыта падазраюць у злачынстве, „дастаць“ ня могуць, таму ціснуць на пажылых сваякоў у Беларусі. Я пэрыядычна гляджу набліжаныя да сілавікоў тэлеграм-каналы кшталту „Жоўтых зьліваў“. Прабачце, але гэта памыйніца!»

Галіна расказвае, што нядаўна сама сутыкнулася з шантажом. У Беларусі застаецца яе хворая бабуля, якую бацькі забралі да сябе. Галіна амаль кожны вечар зь ёю размаўляе.

«Званок. Мужчынскі голас з „кампэтэнтных органаў“, зь якіх — ня кажа: „Ведаю, што вы вельмі перажываеце за бабулю. Можам гарантаваць вам бясьпечны прыезд на радзіму — вы ж хочаце пабачыцца з бабуляй? А вы проста будзеце апавядаць нам, што адбываецца ў дэмакратычных сілах“. Я была агаломшаная і адказала: „Гэта шантаж?“ — „Ды што вы, проста паслуга за паслугу“. Я разгубілася, слухаўку кінула. Але ж я ня веру ім! Колькі ўжо пісалі пра наіўных людзей, якія „павяліся“ і „прыселі“», — кажа Галіна.

«Калі пагаджуся, то змагу вярнуцца»

Ганна (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) два гады таму атрымала ў крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах 2020 году два гады «хіміі». Да прысуду правяла некалькі месяцаў у СІЗА на «Валадарцы», адкуль жанчыну вызвалілі на кароткі час пасьля прысуду. Блізкія параілі зьяжджаць, яна так і зрабіла. Яна расказвае, што да маці, сяброў і нават сваякоў зараз пастаянна прыходзяць сілавікі.

«Раней пыталіся, дзе я, як са мной зьвязацца. А нядаўна ў кватэру да маці прыйшлі зь ператрусам і паведамілі, што на мяне заведзеная крыміналка, бо я зьбегла. Замена пакараньня на больш жорсткае. Параілі маці пагаварыць са мной: маўляў, калі я пагаждуся на супрацоўніцтва, то змагу вярнуцца. А днямі пазванілі мне ў фэйсбучны мэсэнджар. Чалавек пачаў казаць, што ў мяне маці ва ўзросьце і мне трэба пра яе падумаць. Прапанаваў апавядаць, што адбываецца ў дэмакратычным асяродзьдзі, у дыяспары… Шчыра кажучы, я спалохалася, хуценька спыніла размову, „пачысьціла“ ўсе сацыяльныя сеткі, павыдаляла сумнеўныя кантакты, не адказваю незнаёмым нумарам. Але мне вельмі трывожна, за маму перажываю: выматаюць ёй усе нэрвы», — апавядае жанчына.

Міліцыянты падчас акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, ілюстрацыйнае фота
Міліцыянты падчас акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, ілюстрацыйнае фота

Грамадзкі актывіст Антон (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) расказвае, як нядаўна яму пазваніў чалавек, які назваўся сьледчым СК аднаго з абласных цэнтраў.

«Мне пазванілі ў мэсэнджар, чалавек назваўся сьледчым з пэўнага СК. Я запытаўся, якое дачыненьне я маю да таго гораду. Бо бываў там даўно пару разоў праездам. Той адказаў, што ўсё законна, і паведаміў, што на мяне заведзена крымінальная справа, што маёмасьць у Менску, аформленая на мяне, арыштаваная (частка маёй з жонкай кватэры, частка кватэры бацькоў і частка лецішча, якія мне дасталася ў спадчыну). І адразу запытаўся, ці зьбіраюся я ў Беларусь. Я адказаў, што „пры гэтай уладзе не зьбіраюся“. Мне здалося, што той сьледчы нават узрадаваўся такому адказу, разьвітаўся і паклаў слухаўку. Але ніякіх прапановаў аб супрацоўніцтве не было. Мабыць, зразумелі, што не на таго натрапілі», — расказаў Антон.

«Людзі не павінны паддавацца ні на якія ўгаворы ўлады»

Прадстаўнік аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар кажа, што па-чалавечы разумее людзей, якія баяцца публічна, з адкрытым тварам і пад сваімі імёнамі апавядаць, як зь імі зьвязваюцца беларускія сілавікі.

«Усё залежыць ад публічнасьці самога чалавека, ад яго гатоўнасьці апавядаць пра такія сытуацыі. Але, на мой погляд, людзі павінны пра гэта гаварыць уголас. Бо такія званкі — гэта пагрозы і ціск. Такім чынам людзям пагражаюць, на іх псыхалягічна ціснуць, гаворачы ім, што яны нібыта зьдзейсьнілі нейкія злачынствы, на іх заведзеныя крымінальныя справы. Так што нічога не зьмянілася, усё застаецца як і было: рэпрэсіўная практыка, якую Лукашэнка ўсе 5 гадоў праводзіў, працягваецца», — перакананы Жыгар.

Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар
Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар

Суразмоўца дадае, што верыць тым, хто звоніць і штосьці абяцае, ня варта.

«Бо гэта, па-першае, можа быць банальная правакацыя, каб сабраць як мага больш матэрыялу для нейкага чарговага прапагандысцкага фільму, дзе пакажуць беларусаў, якія сапраўды хочуць вярнуцца, яны ўсё ўсьвядомілі, яны прызнаюць сваю памылку. Па-другое, гэта можа быць спробай выйсьці на кантакт для вэрбаваньня: маўляў, вяртайцеся, а мы вам паменшым тэрмін пакараньня ўзамен на нейкія дзеяньні. Ну і нават калі чалавеку кажуць: усё нармальна, вяртайцеся — ні ў якім разе нельга гэтаму верыць, бо сыстэма пабудаваная такім чынам, што яна павінна дабрацца да кожнага і пакараць. Трэба максымальна шырока расказваць, што рэжым Лукашэнкі не мяняецца. Ніколі немагчыма вярнуцца нават у 2018 год», — перакананы Ўладзімер Жыгар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG