ЗША і Расея не знайшлі згоды наконт мірнага пагадненьня з Украінай у часе пяцігадзінных перамоваў у Крамлі

У часе перамоваў у Крамлі
У часе перамоваў у Крамлі

Перамовы паміж ЗША і Расеяй пра спыненьне вайны ва Ўкраіне ў аўторак не прывялі да прарыву, бо Крэмль заявіў, што ў ключавым пытаньні тэрыторыі «кампрамісу» пакуль не дасягнулі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустрэўся ў Крамлі зь зяцем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам і спэцыяльным пасланьнікам Стывам Уіткафам, раней даўшы зразумець, што ягоныя войскі гатовыя працягваць барацьбу за дасягненьне першапачатковых ваенных мэтаў Расеі, піша AFP.

У аснове перамоваў ляжыць плян ЗША ў дасягненьні міру, перагледжаны пад ціскам Кіева і эўрапейскіх хаўрусьнікаў Украіны.

Што да акупаваных украінскіх тэрыторыяў, то «пакуль што мы не знайшлі кампрамісу, але некаторыя амэрыканскія рашэньні можна абмеркаваць», — заявіў пасьля сустрэчы ў Крамлі галоўны памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў.

«Некаторыя прапанаваныя фармулёўкі нам не пасуюць, і праца будзе працягвацца», — дадаў ён.

Трамп заявіў, што прагрэс у спыненьні вайны будзе няпростым.

«Нашы людзі зараз знаходзяцца ў Расеі, каб паглядзець, ці зможам мы ўрэгуляваць гэтае пытаньне», — сказаў ён на паседжаньні кабінэту міністраў у Белым доме.

«Скажу вам, становішча няпростае. Які беспарадак».

Але ў інтэрвію, якое трансьлявалася 2 сьнежня ўвечары на тэлеканале Fox News, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што перамовы з Расеяй у спыненьні вайны з Украінай «дасягнулі пэўнага прагрэсу».

Сустрэча NATO наконт падтрымкі Ўкраіны

Міністры замежных спраў краін NATO сустрэнуцца ў Брусэлі 3 сьнежня, каб абмеркаваць далейшую падтрымку Ўкраіны, а таксама актуальныя намаганьні ўмацаваць стрымальны і абарончы патэнцыял альянсу, піша агенцтва dpa.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Марк Рутэ падкрэсьліў перад сустрэчай, што Кіеў застаецца залежным ад вайсковай дапамогі, бо Расея працягвае атакаваць Украіну, і заклікаў чальцоў NATO забясьпечыць Украіне большую падтрымку. Ён сказаў, што чакае абвяшчэньня аб дадатковых унёсках у фінансавую ініцыятыву паводле сьпісу прыярытэтных патрэбаў Украіны (PURL) бліжэйшымі днямі.

Гэтая схема фінансаваньня прадугледжвае продаж боепрыпасаў і зброі, вырабленых у Злучаных Штатах, эўрапейскім хаўрусьнікам і Канадзе, якія затым дадуць іх Украіне. Аднак сустрэча, падобна, пройдзе ў ценю перамоваў пра мір пад кіраўніцтвам ЗША і пры адсутнасьці дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё.

Вельмі незвычайна, каб дзяржаўны сакратар ЗША не прысутнічаў асабіста на афіцыйнай сустрэчы міністраў замежных справаў NATO. Рубіё прысылае свайго намесьніка Крыстафэра Ландаў.

​
XS
SM
MD
LG