Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стывэн Уіткаф і дарадца і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер прыбылі ў Крэмль для перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
На сустрэчы павінна абмяркоўвацца новая вэрсія пляну спыненьня вайны Расеі з Украінай.
Пуцін перад сустрэчай з амэрыканскімі прадстаўнікамі падчас выступу на пленарнай сэсіі інвэстыцыйнага форуму «Внешторгбанка» прыгразіў «адрэзаць Украіну ад мора» і пашырыць удары па ўкраінскіх портах і судах, якія заходзяць у гэтыя порты, у адказ на ўдары Кіева па танкерах у Чорным моры.
Таксама на форуме Пуцін пракамэнтаваў стан справаў на фронце. У прыватнасьці, ён заявіў, што Пакроўск у Данецкай вобласьці цалкам знаходзіцца пад кантролем расейскага войска. У Генштабе УСУ гэта адмаўляюць.
Акрамя таго, Пуцін абрынуўся з крытыкай на Эўропу і яе падыход да міру ва Ўкраіне. Ён абвінаваціў эўрапейскія краіны ў спробах унесьці ў плян спыненьня вайны, прапанаваны Трампам, зьмены, «якія для Расеі зьяўляюцца абсалютна непрымальнымі», з мэтай «заблякаваць увесь гэты мірны працэс».
Паводле Пуціна першапачатковы амэрыканскі плян з 28 пунктаў «засноўваўся на расейскіх прапановах з выкарыстаньнем ідэяў Украіны», і меў на ўвазе істотныя саступкі ўкраінскага боку.
Расея спрыяльна паставілася да гэтага першапачатковага праекту, але яго крытыкавалі ў Кіеве, Бруселі і Вашынгтоне, пасьля чаго дакумэнт быў значна перапрацаваны. Новую вэрсію павінныя абмеркаваць з Пуціным Уіткаф і Кушнер.
Форум