Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не абмяркоўваў з Уладзімірам Зяленскім перадачу Расеі ўсёй тэрыторыі Данецкай вобласьці як умову спыненьня агню.
Як сказаў Трамп журналістам на борце прэзыдэнцкага самалёта Air Force One, Украіне і Расеі трэба спыніцца на цяперашняй лініі фронту.
The Washington Post з спасылкай на дзьве высокапастаўленыя крыніцы раней пісала, што ў тэлефоннай размове 16 кастрычніка з Трампам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запатрабаваў ад Украіны перадачы ўсёй тэрыторыі Данецкай вобласьці як умовы для спыненьня вайны. Узамен Пуцін прапанаваў вярнуць Украіне захопленыя Расеяй часткі тэрыторый Запароскай і Херсонскай вобласьцяў.
Некаторыя прадстаўнікі Белага дому расцанілі гэта як прагрэс, бо ў часе жнівеньскіх перамоваў на Алясцы Пуцін патрабаваў большага. Высокапастаўлены эўрапейскі дыплямат заявіў выданьню, што ўкраінцы наўрад ці будуць у захапленьні ад гэтай прапановы.
Трамп не сказаў журналістам, ці выстаўляў Пуцін такое патрабаваньне, аднак зазначыў, што «ніколі» не абмяркоўваў яго з прэзыдэнтам Украіны. Трамп дадаў, што вельмі складана абмяркоўваць пытаньні зыходзячы з прынцыпу «Вы бераце гэта, мы бяром тое».
На пытаньне, што рабіць з Данбасам, Трамп адказаў, што трэба пакінуць усё «так, як ёсьць»:
«Пазьней яны змогуць пра нешта дамовіцца паміж сабой. Але зараз абодва бакі канфлікту павінны спыніцца на лініі фронту — разысьціся па дамах, спыніць баявыя дзеяньні, спыніць забіваць людзей».
Раней Трамп падобным чынам выказаўся і ў сацыяльнай сетцы Truth Social.
Трамп сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім 17 кастрычніка, на наступны дзень пасьля размовы з Пуціным. Прэзыдэнт Украіны назваў сустрэчу «вельмі прадуктыўнай» і падзякаваў амэрыканскаму боку за гэта. Пры гэтым Зяленскі паведаміў, што ніякіх заяваў аб дальнабойнай зброі не будзе.
«ЗША ня хочуць эскаляцыі», — сказаў ён.
Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, яны гаварылі пра супрацьпаветраную абарону і ўмовы спыненьня агню. Зяленскі пацьвердзіў, што Ўкраіна гатовая на спыненьне агню на цяперашняй лініі фронту — у гэтым выпадку пад кантролем Расеі застаюцца амаль уся Луганская і большая частка Данецкай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў, а таксама невялікія ўчасткі ў Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай. Зяленскі ня раз заяўляў, што не ідзецца аб прызнаньні расейскай акупацыі дэ-юрэ.
Зяленскі пасьля сустрэчы з Трампам заявіў, што «сапраўды можа сказаць», што завяршэньне вайны стала бліжэйшым. Паводле яго, і ў прэзыдэнта ЗША, і ў цэлым у сьвеце ёсьць настрой на тое, каб завяршыць вайну Расеі супраць Украіны.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум