Літоўскі ўрад зьнізіў узровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве. 26 чэрвеня 2025 году
Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве. 26 чэрвеня 2025 году

Цяпер Літва забясьпечыць ахову Ціханоўскай як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.

Літоўскі ўрад зьменшыў узровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміў Lrt.lt міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.

Рашэньне пачалі рэалізоўваць з 1 кастрычніка, пераходны пэрыяд мае закончыцца да лістапада.

У офісе Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што камэнтар да інфармацыі аб зьмене парадку аховы беларускай лідэркі яшчэ рыхтуецца.

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні ад жніўня 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія большасьць заходніх краін лічаць сфальсыфікаванымі. Тады ўрад Літвы надаў прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі афіцыйны статус, а самой апазыцыянэрцы забясьпечылі пастаянную фізычную ахову як у Літве, так і за яе межамі.

Ціханоўскай надалі статус афіцыйнага госьця катэгорыі C. Такі статус звычайна даецца паслам замежных дзяржаваў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Літве, чальцам замежных урадаў і Эўрапейскай камісіі, іншым асобам аналягічнага ўзроўню. Аднак дыпляматычнага статусу і, адпаведна, імунітэту ў яе няма, тлумачыць Lrt.lt.

Цяпер, паводле інфармацыі парталу Lrt.lt, запэўненьне бясьпекі Сьвятланы Ціханоўскай перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (VAD) ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтая ўстанова забясьпечыць ахову палітыка не на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.

Паводле крыніц Lrt.lt, ахова Ціханоўскай і спадарожныя выдаткі абыходзіліся Літве прыкладна ў 1 млн эўра ў год. У гэтую суму ўваходзіла цэладзённая фізычная ахова ў Літве і за мяжой, выдаткі на абслугоўваньне аўтамабіляў суправаджэньня, утрыманьне месца жыхарства, а таксама карыстаньне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах.

​
XS
SM
MD
LG