Наступствы расейскага ўдару па Дніпры 30 верасьня 2025 году
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі атакавалі ўкраінскія гарады 49 ударнымі дронамі, а таксама ракетамі: супрацькарабельнай «Онікс» з акупаванага Расеяй Крыму і чатырма балістычнымі «Іскандэр-М/KN-23У» з Арлоўскай вобласьці.
Украінская супрацьпаветраная абарона зьняшкодзіла 44 дроны. Пяць ракет і адзін бесьпілётнік пацэлілі ў 6 лякацыяў.
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ўдзень 30 верасьня прынамсі тры расейскія дроны ляцелі зь Беларусі курсам на Прыпяць Кіеўскай вобласьці.
Згодна з інфармацыяй яшчэ аднаго каналу, а 22:15 30 верасьня ў Беларусі ў паветра падымалі Су-30, які лятаў на адлегласьці 50 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
У Дніпры больш за 30 параненых
Паводле інфармацыі ўладаў Днепрапятроўскай вобласьці, ад расейскага ўдару дронамі па цэнтры Дніпра ўдзень 30 верасьня параненых ужо 31 чалавек.
У выніку абстрэлу пацярпела выдавецтва «Смакі» — частка кніг згарэла, і мастацкі музэй: пашкоджаны фасад, унутраныя памяшканьні, вокны.
Мастацкі музэй у Дніпры — адна з найстарэйшых культурных установаў Украіны.
На Харкаўшчыне адзін чалавек загінуў, шэсьць параненыя
Пад расейскімі абстрэламі застаецца Харкаў і Харкаўская вобласьць. Паводле мясцовых уладаў, за апошнія 23 гадзіны пацярпелі 7 паселішчаў уключна з абласным цэнтрам.
У Харкаве пяць чалавек атрымалі раненьні, у вёсцы Вялікая Шапкаўка загінуў 64-гадовы мужчына, у вёсцы Пяшчанка адзін паранены.
Харкаўшчыну расейцы абстрэльваюць з баявой авіяцыі, артылерыі і пры дапамозе дронаў. Шмат пашкоджаных шматпавярховых і прыватных дамоў, навучальныя ўстановы, гандлёвыя павільёны, гаражы і аўтамабілі.
Форум