Расея ўзмацніла ўдары па Запарожжы. У Крыме заявілі аб пацэльваньні Ўкраіны па Фаросе

абноўлена
Наступствы расейскай атакі па Запарожжы 22 верасьня 2025 году
Наступствы расейскай атакі па Запарожжы 22 верасьня 2025 году

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі ў ноч на 22 верасьня атакавалі ўкраінскую тэрыторыю 141 ударным дронам.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Сілы абароны зьбілі 132 расейскія бесьпілётнікі, яшчэ 9 пацэлілі па 7 лякацыях. Найбольш пацярпела Запарожжа.

Для ўдару па Запарожжы расейцы выкарысталі баявую авіяцыю

А 4:30 раніцы расейскія войскі цягам 40 хвілін бамбілі Запарожжа.

Як паведамілі мясцовыя ўлады, частку атак змаглі адбіць украінскія вайскоўцы, але сама меней 10 удараў пацэлілі па розных раёнах горада: пашкоджана паркоўка, набярэжная магістраль паблізу гандлёвых цэнтраў і крытычнай інфраструктуры і жылы сэктар.

«Ніводны аб’ект ня меў дачыненьня да вайсковай інфраструктуры. Гэта быў мэтанакіраваны тэрор мірнага горада і яго жыхароў», — падкрэсьлілі ўлады Запарожжа.

У выніку расейскага абстрэлу тры чалавекі загінулі і яшчэ два атрымалі раненьні. Расея штодзень абстрэльвае Запароскую вобласьць.

У Сумскай і Кіеўскай вобласьці ёсьць параненыя

За апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 54 населеныя пункты Сумскай вобласьці, якая мяжуе з Расеяй. Паранены адзін чалавек, пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры, прыватныя будынкі і шматкватэрныя дамы. Паветраная трывога ў рэгіёне працягвалася амаль 18 гадзін. Валянтэры і ўлады вымушаныя пад агнём праводзяць эвакуацыю.

Чатыры раёны пацярпелі ў Кіеўскай вобласьці. У Барыспальскім раёне адзін чалавек атрымаў раненьні. У Вышгарадзскім праз абстрэл загарэлася сухая трава, у Фастаўскім — прыватны будынак, у Абухаўскім — шматпавярховы будынак, які яшчэ ня быў заселены.

У анэксаваным Расеяй Крыме абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэле санаторыю «Фарос»

Расейскія ўлады анэксаванага Крыму паведамілі, што ўвечары 21 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі бесьпілётнікамі пацярпелі санаторый «Фарос» і іншыя аб’екты ў аднайменным паселішчы. Паводле ўладаў, загінулі тры чалавекі і 16 атрымалі раненьні. Дзяцей сярод пацярпелых няма.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, уначы над Крымам зьбілі 10 бесьпілётнікаў, 5 — над Азоўскім морам і яшчэ два — над Чорным морам.

Telegram-канал «Крымскі вецер» паведаміў, што ўсе пацярпелыя атрымалі раненьні ў выніку зьбіцьця дронаў расейскімі сродкамі СПА. Канал спасылаецца на інфармацыю прадстаўніцы расейскай адміністрацыі, якая паведаміла, што пацярпелыя шпацыравалі па набярэжнай у момант атакі. Зь інфармацыі вынікае, што ў санаторыі «Фарос» і пансіянаце імя Цярлецкага нібыта ніхто не пацярпеў.


​
XS
SM
MD
LG