Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь умацоўвае сувязь з анэксаваным Расеяй Крымам: сталі вядомыя пабрацімы Сімферопалю і Феадосіі

Раман Чагрынец (справа) з ураджэнцам Слоніма Аляксандрам Ягоўдзікам, які больш за 25 гадоў жыў у Мелітопалі, які ў 2022 годзе захапілі расейскія войскі. Архіўнае фота
Раман Чагрынец (справа) з ураджэнцам Слоніма Аляксандрам Ягоўдзікам, які больш за 25 гадоў жыў у Мелітопалі, які ў 2022 годзе захапілі расейскія войскі. Архіўнае фота

Кіраўнік рэгіянальнай нацынальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец паведаміў, што два беларускія гарады сталі пабрацімамі двух крымскіх гарадоў.

«У нас ужо горад Віцебск стаў пабрацімам горада Сімферопаль, а горад Наваполацак Віцебскай вобласьці — пабрацімам горада Феадосіі, і гэтак далей. Там ёсьць шэраг эканамічных праектаў, культурных і сацыяльных», — паведаміў Раман Чагрынец у эфіры крымскага тэлеканалу «Крым 24».

Пры гэтым ён назваў падпісаньне дамовы аб супрацы паміж Віцебскай вобласьцю Беларусі і Крымам першым дакумэнтам, «падпісаным з эўрапейскай краінай».

Раман Чагрынец дадаў, што ў Ялце плянуюць адкрыць музэй беларускага паэта, публіцыста і літаратуразнаўца Максіма Багдановіча.

«У нас ёсьць адзін чалавек, чыя памяць вельмі збліжае нашыя рэгіёны, Рэспубліку Беларусь і Крым. Гэта Максім Адамавіч Багдановіч, ён лічыцца беларускім Пушкіным, стваральнікам беларускай славеснасьці і беларускай мовы», — адзначыў ён.

Чагрынец нагадаў, што Максім Багдановіч апошнія гады свайго жыць правёў у Крыме і пахаваны ў Ялце. Паводле яго, ініцыятыву аб стварэньні музэю ўжо адобрылі Міністэрства замежных спраў Расеі і Міністэрства культуры Беларусі.

Кіраўнік беларускай дыяспары ў Крыме дадаў, што расшырэньне супрацы будзе абмяркоўвацца ў часе Дзён Рэспублікі Крым у Беларусі, якія пройдуць з 23 па 27 верасьня ў Менску і Горадні.

Беларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анэксаваным Расеяй Крымам пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе:

  • У верасьні 2022 году пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і горад Севастопаль,
  • У сакавіку 2023 году дамову аб супрацы падпісалі Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму.
  • У чэрвені 2024 году ўлады Віцебска і Віцебскай вобласьці падпісалі пагадненьні з акупацыйнымі ўладамі Сімфэропаля, Феадосіі і Сакскім раёнам Крыму, а таксама падпісалі пратакол аб намерах па стварэньні свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск — Крым».

Што вядома па Чагрынца

Раман Чагрынец нарадзіўся ў 1982 годзе ў Гвардзейскім Сімфэропальскага раёну Крыму.

Мае дыплём Таўрычаскага гуманітарна-экалягічнага інстытуту па спэцыяльнасьці «паліталёгія».

Да расейскай анэксіі Крыму выбіраўся дэпутатам Сімферопальскай раённай рады. У 2014 годзе далучыўся да арганізацыі «Русская община Крыма» і пэўны час уваходзіў у кіраўнічы склад крымскага аддзяленьня «Маладой Гвардыі Адзінай Расеі».

У 2015-2017 гадах ачольваў «Беларускую грамаду Крыму», а з 2017 — рэгіянальную нацынальна-культурную аўтаномію «Беларусы Крыму», якая ўваходзіць у склад Фэдэральнай нацыянальна-культурная аўтаноміі беларусаў Расеі.

Раман Чагрынец актыўна падтрымаў расейскую агрэсію супраць Украіны і як кіраўнік беларускай дыяспары ў Крыме падпісаў дамову аб супрацы зь дзяржаўным фондам «Абаронцы Айчыны», які праводзіць розныя грамадзкія праекты па падтрымцы ўдзельнікаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG