ЗША ўхвалілі продаж Украіне 3350 авіяцыйных ракет ERAM

Ілюстрацыйнае фота паражэньня цэлі амэрыканскай ракетай
Ілюстрацыйнае фота паражэньня цэлі амэрыканскай ракетай

Ракеты ERAM з радыюсам дзеяньня 450 кілямэтраў аплацяць эўрапейскія краіны.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў угоду аб продажы Ўкраіне авіяцыйных боепрыпасаў павялічанай далёкасьці ERAM (Extended Range Attack Munition) і спадарожнага абсталяваньня на суму каля 825 мільёнаў даляраў.

Пра гэта паведаміла Агенцтва супрацы ў абароне (DSCA), якое ўваходзіць у структуру Пэнтагону.

«Прапанаваны продаж будзе спрыяць дасягненьню мэтаў замежнай палітыкі і нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў шляхам павышэньня бясьпекі краіны-партнэра — рухальнай сілы палітычнай стабільнасьці і эканамічнага прагрэсу ў Эўропе», — гаворыцца ў паведамленьні.

Агенцтва супрацы ў абароне ЗША паведаміла, што для гэтых закупаў Украіна выкарыстае фінансаваньне з Даніі, Нідэрляндаў і Нарвэгіі, а таксама праграму замежнага вайсковага фінансаваньня (FMF) ЗША.

«ERAM — гэта прыклад супрацы з нашымі саюзьнікамі ў NATO ў распрацоўцы магутнай і маштабавальнай сыстэмы, якую можна хутка ўкараніць», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ракеты ERAM маюць далёкасьць палёту 450-460 кілямэтраў, хуткасьць прыблізна 700 кілямэтраў у гадзіну, яны ўстойлівыя да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

ERAM могуць несьці самалёты F-16, МіГ-29 і Су-27, якія мае Ўкраіна. Ракеты здольныя паражаць радарныя станцыі, сыстэмы супрацьпаветранай абароны і морскія цэлі.

У DSCA падкрэсьлілі, што плянаваная ўгода ня зьменіць асноўнага вайсковага балянсу ў рэгіёне.

Агенцтва ўжо выдала ўсе неабходныя сэртыфікаты і апавясьціла Кангрэс аб плянаваным продажы. Асноўнымі падраднікамі названыя Zone 5 Technologies і Aspire.

Раней афіцыйныя асобы ЗША паведамлялі выданьню WSJ, што выкарыстаньне Ўкраінай ракет ERAM, максымальны радыюс дзеяньня якіх 450 кілямэтраў, вымагае ўхваленьня Пэнтагону.

З канца вясны ЗША не даюць Украіне дазволу наносіць удары па тэрыторыі Расеі ракетамі вялікай далёкасьці. Ідзецца ня толькі аб амэрыканскіх ракетах, але і аб пастаўленай Украіне эўрапейскімі краінамі зброі, якая выкарыстоўвае для навядзеньня амэрыканскія выведныя зьвесткі і зьмяшчае кампанэнты з ЗША. У прыватнасьці, ухвала Пэнтагону патрабуецца для выкарыстаньня брытанскіх ракет Storm Shadow.

Зяленскі заявіў, што да канца году ва Ўкраіне запусьцяць масавую вытворчасьць сваіх дальнабойных ракет «Флямінга».

Мэханізм разгляду запытаў Кіева на выкарыстаньне зброі вялікай далёкасьці распрацаваў намесьнік міністра абароны ЗША ў пытаньнях палітыкі Элбрыдж Колбі. Апошняе слова ў прыняцьці рашэньня застаецца за міністрам абароны.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth, што Джо Байдэн не даваў Украіне нападаць, а дазваляў толькі абараняцца.


​
XS
SM
MD
LG