Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея правялі 17-ты з пачатку году абмен палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы. 24 жніўня 2025
Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы. 24 жніўня 2025

Украіна і Расея 24 жніўня чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.

Як паведаміла Міністэрства абароны Расеі, бакі перадалі адна адной па 146 чалавек.

Акрамя таго, Расеі вернутыя восем яе грамадзян — жыхароў Курскай вобласьці.

«Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псыхалягічная і мэдыцынская дапамога», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што абмен праведзены пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ).

Былыя палонныя расейскія салдаты садзяцца ў беларускі аўтобус
Былыя палонныя расейскія салдаты садзяцца ў беларускі аўтобус

Пазьней прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў факт абмену і падзякаваў ААЭ:

«Сёньня нашы людзі вяртаюцца дадому. Салдаты Ўзброеных сіл, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы і мірныя жыхары. Большасьць з іх знаходзяцца ў палоне з 2022 года.

Мы вяртаем дадому журналіст Дзьмітрыя Хілюка, якога выкралі ў Кіеўскай вобласьці ў сакавіку 2022 года. Нарэшце ён дома, ва Ўкраіне. Абмены працягваюцца. І, магчыма, гэта дзякуючы нашым салдатам, якія папаўняюць фонд абмену для Ўкраіны», — напісаў Зяленскі ў тэлеграме.

Апрача Хілюка ўкраінцы вызвалілі яшчэ сем цывільных, у тым ліку журналіста Марка Каліуша, і былога мэра Херсона Ўладзіміра Мікалаенку.

Вызвалены журналіст Дзьмітры Хілюк
Вызвалены журналіст Дзьмітры Хілюк

З расейскага палону вярнулі экс-мэра Херсона, выкрадзенага расейцамі ў пачатку вайны

24 жніўня падчас абмену палоннымі быў вызвалены былы мэр Херсона Ўладзімір Мікалаенка. Гэта пацьвердзіла яго пляменьніца Ганна Коршун-Самчук, паведаміў тэлеканал «Суспільне».

Сам ён ужо зьвязаўся з жонкай і першымі яго словамі былі «Слава Украіне».

Уладзіміра Мікалаенку выкралі расейскія вайскоўцы 18 красавіка 2022 года. Доўгі час пра яго месцазнаходжаньне нічога не было вядома, пакуль Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа не пацьвердзіў, што ён знаходзіцца ў палоне.

Уладзімір Мікалаенка кіраваў Херсонам з 2014 да 2020 года і быў удзельнікам мясцовага Эўрамайдану.

17-ты абмен палоннымі за 2025 год

Аб папярэднім абмене Расеяй і Ўкраінай палоннымі на беларускай тэрыторыі паведамлялася 14 жніўня.

Перад гэтым Украіна і Расея абмяняліся палоннымі 4 ліпеня. У чэрвені бакі абменьваліся шэсьць разоў.

Апроч гэтых выпадкаў абмены адбывалася па адным разе ў студзені, лютым, сакавіку і красавіка, а таксама чатыры разы ў траўні.

Такім чынам, з пачатку года Ўкраіна і РФ правялі 17 этапаў абмену, піша Позірк.

За ўвесь 2024 паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэрцель у інтэрвію беларускаму дзяржаўнаму тэлебачаньню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня) заявіў, што на той момант на тэрыторыі краіны было праведзена 38 апэрацый абмену паміж Украінай і Расеяй.

24 лютага 2022 года Расея пры непасрэднай падтрымцы беларускага рэжыму пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, уварваўшыся ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG