Дроны атакавалі НПЗ у Сызрані і Курск

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Расеі заявіла аб 53 зьбітых бесьпілётніках над дзевяцьцю рэгіёнамі і акваторыяй Азоўскага мора ў ноч на 15 жніўня. Хаця ў той жа час стала вядома, што ў шэрагу расейскіх аэрапортаў скасоўваюць абмежаваньні.

Над Самарскай вобласьцю Расеі, паводле зьвестак расейскага Міністэрства абароны, зьбітыя сем дронаў. Губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Фядорышчаў паведаміў, што на вобласьць зьдзейсьненая «масавая атака» і зьнішчаныя 13 бесьпілётнікаў. Паводле яго слоў, паветраная прастора закрыта, часова абмежавана работа мабільнага інтэрнэту.

Тэлеграм-каналы пішуць аб удары па НПЗ у Сызрані. Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзінфармацыі пры СНБА Ўкраіны Андрэй Каваленка апублікаваў фатаграфію, на якой, як напісаў ён, якраз гэтае прадпрыемства.

У Курску бесьпілётнік ударыў па шматпавярховым доме. У выніку пажару на чатырох верхніх паверхах пашкоджаныя кватэры. Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксандар Хінштэйн паведаміў, што выбухной хваляй выбіла шкло ў суседніх дамах і школе, жыхароў дома эвакуавалі. Загінула 45-гадовая жанчына, пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку падлетак.

Акрамя таго, тэлеграм-каналы паведамілі аб выбухах у акупаваным расейскімі войскамі горадзе Енакіева ў Данецкай вобласьці Ўкраіны. На апублікаваных у сацыяльных сетках відэа можна ўбачыць буйны пажар. Што менавіта стала цэльлю удару, пакуль невядома.

Расейскія войскі ранкам 15 жніўня атакавалі аўтазаправачную станцыю ў Сумах, ёсьць пацярпелы.


​
XS
SM
MD
LG