Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па базе адпачынку ў Запарожжы і, імаверна, рыхтуюцца да наступу на Херсон

Наступствы расейскага ўдару па Запароскай вобласьці 27 ліпеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па Запароскай вобласьці 27 ліпеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што ў ноч на 6 жніўня расейскія войскі атакавалі мірныя ўкраінскія гарады 45 ударнымі дронамі, зь якіх 36 удалося зьбіць, а 9 пацэлілі ў тры лякацыі.

Адначасова расейскія войскі наносілі артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па прыфрантавых і памежных тэрыторыях у Запароскай, Херсонскай, Харкаўскай і Сумскай вобласьцях.

У Запароскай вобласьці два чалавекі загінулі

Паводле абласных уладаў, расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па базе адпачынку ў Запароскім раёне. Папярэдне паведамілі аб гібелі двух чалавек і 12 параненых, у тым ліку дваіх дзяцей — адно зь іх у цяжкім стане.

У Сумскай вобласьці паветраная трывога працягвалася больш за 10 гадзін

У Сумскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 32 паселішчы — 2 чалавекі загінулі, чатыры атрымалі раненьні.

Паводле абласных уладаў, у выніку ўдараў пашкоджаныя і зруйнаваныя аб’екты цывільнай інфраструктуры — школы, прыватныя дамы, склады, сельскагаспадарчая тэхніка.

Праз сталыя абстрэлы ўлады пры дапамозе грамадзкіх арганізацый працягваюць эвакуацыю мірных жыхароў. За апошнія 24 гадзіны з вобласьці вывезьлі 42 чалавекі.

З Херсону таксама пачалі вывозіць мірных жыхароў

Абласныя ўлады паведамілі аб арганізацыі эвакуацыі жыхароў Карабельнага раёну ў Херсоне пасьля зьнішчэньня ў выніку расейскіх абстрэлаў аўтамабільнага мосту, які злучаў дзьве часткі гораду. Экспэрты мяркуюць, што расейцы рыхтуюцца да новага наступу на горад і фарсаваньня Дняпра.

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін заявіў аб складанай гуманітарнай сытуацыі ў гэтым раёне абласнога цэнтру. За апошнія два дні змаглі эвакуаваць больш за 400 жыхароў, у тым ліку 34 дзіцяці.

«Яны не плянавалі пакідаць родных дамоў, аднак небясьпека прымусіла іх ухваліць цяжкае, але правільнае рашэньне», — падкрэсьліў кіраўнік вобласьці. Ён заклікаў усіх жыхароў Карабельнага раёну эвакуавацца.

У ноч на 6 жніўня расейскія войскі нанесьлі яшчэ адзін удар па Херсоне — па Дняпроўскім раёне і чарговы раз па Карабельным, адзін чалавек атрымаў раненьні.

У Херсонскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпеў 41 населены пункт, 8 чалавек параненыя.

«Расейскія вайскоўцы білі па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры, жылых кварталах. У прыватнасьці, пашкодзілі 8 прыватных дамоў, таксама акупанты пацэлілі па тэрыторыі садовых таварыстваў», — паведаміў Аляксандар Пракудзін.

Пад абстрэл зноў трапіла Адэшчына

Расейцы не спыняюць атак на Ізмаільскі раён Адэскай вобласьці, дзе знаходзіцца рачны порт.

Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў, што ў выніку абстрэлаў пашкоджаная газавая інфраструктура.

«На месцы пачаўся пажар, які а 07:25 зьліквідавалі нашы пажарнікі. Цяпер ідуць работы для выпуску газу з сыстэмы. Агонь зьнішчыў вытворчае абсталяваньне. У выніку пашкоджаньня магістральнага газаправоду часова адключаныя 2,5 тысячы абанэнтаў», — удакладніў Алег Кіпер.

Інфармацыі аб ахвярах і пацярпелых няма.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG