Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля перамоваў у Стамбуле Расея атакавала Адэсу, Мікалаеў, Чаркасы

Пажар на рынку Прывоз у Адэсе ў выніку расейскай атакі 24 ліпеня 2025 году
Пажар на рынку Прывоз у Адэсе ў выніку расейскай атакі 24 ліпеня 2025 году

У Адэсе і Мікалаеве ў выніку расейскага нападу ўспыхнулі пажары, помнікі архітэктуры пашкоджаныя, гарыць рынак Прывоз, паведамілі мясцовыя ўлады.

Расейскія войскі нанесьлі масаваны ўдар па Адэсе ўдарнымі бесьпілётнікамі, што прывяло да пажараў і пашкоджаньня помнікаў архітэктуры ў гістарычным цэнтры гораду, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.

«Нягледзячы на актыўную працу супрацьпаветранай абароны, ёсьць пашкоджаньні цывільнай інфраструктуры. У горадзе працягваецца шэраг пажараў. У цяперашні час вядома, што загарэліся два паверхі жылога шматпавярховага дому, дах двухпавярховага дому, гандлёвыя павільёны і запраўка», — напісаў ён.

На славутым адэскім рынку Прывоз расейскія дроны выпалілі два гандлёвыя павільёны
На славутым адэскім рынку Прывоз расейскія дроны выпалілі два гандлёвыя павільёны

Паводле яго, таксама пашкоджаныя помнікі архітэктуры ў гістарычным цэнтры Адэсы, які знаходзіцца пад аховай UNESCO.

Пазьней Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны паведаміла, што ў Адэсе гарыць рынак Прывоз, вядома пра трох параненых.

Шматпавярховік у Адэсе пасьля расейскага ўдару 24 ліпеня 2025 году
Шматпавярховік у Адэсе пасьля расейскага ўдару 24 ліпеня 2025 году

Паводле звестак мясцовых уладаў, у Адэсе разбураны шматпавярховы дом, а таксама пашкоджаныя архітэктурныя помнікі ў гістарычным цэнтры гораду.

«Разбураны 9-павярховы жылы дом — людзі, якія жылі ў кватэрах з 5-га па 8-ы паверхі, засталіся бяз даху, гарэлі кватэры на 5-м і 6-м паверхах аднаго з пад’ездаў. Ёсьць пагроза абвальваньня канструкцыяў», — гаворыцца ў паведамленьні адэскіх ратаўнікоў.

Колькасьць ахвяраў расейскага ракетнага ўдару ў Чаркасах павялічылася да сямі, сярод іх дзіця, паведаміла прэс-служба Нацыянальнай паліцыі ў Тэлеграме, вядома пра шэсьць ахвяраў.

Расейскія войскі таксама атакавалі Мікалаеў і Запарожжа. Кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім паведаміў пра пажар у Мікалаеве пасьля расейскага нападу.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў, кіраваных авіябомбаў, сыстэмаў залпавага агню.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што яго армія падчас паўнамаштабнай вайны ўчыняе мэтанакіраваныя напады на цывільную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя напады як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

23 ліпеня Ўкраіна і Расея правялі трэці раўнд перамоваў у Стамбуле, дамовіліся працягнуць абмен палоннымі.

Кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў паведаміў, што Кіеў прапанаваў правесьці да канца жніўня сустрэчу паміж лідэрамі Ўкраіны і Расеі Ўладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным з удзелам прэзыдэнтаў Турэччыны і ЗША Рэджэпа Таіпа Эрдагана і Дональда Трампа.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG