Сярод 500 дзяцей, якіх запатрабавала вярнуць Украіна, — усыноўленая расейскім палітыкам Міронавым дзяўчынка

Сяргей Міронаў, архіўнае фота
Сяргей Міронаў, архіўнае фота

На перамовах у Стамбуле 2 чэрвеня расейскі бок прапанаваў вярнуць Украіне толькі дзесяць дзяцей, вывезеных у Расею.

У сьпісе гвалтоўна перамешчаных дзяцей, які ўкраінскі бок перадаў Расеі падчас перамоваў у Стамбуле, больш за 500 прозьвішчаў, піша «Вёрстка» са спасылкай на крыніцу, «блізкую да офіса ўкраінскага прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага».

Выданьне піша, што ў большасьці дзяцей ёсьць сваякі ва Ўкраіне.

Крыніца, блізкая да расьсьледаваньня спраў аб перамяшчэньні дзяцей на тэрыторыю Расеі, распавяла журналістам, што ў сьпісе маглі апынуцца прозьвішчы «больш за пяцьсот дзяцей», выпадкі якіх былі вэрыфікаваныя.

Сярод іх непаўналетнія, якіх восеньню 2022 года перамясьцілі з Херсонскага абласнога дома дзіцяці на тэрыторыю Крыма. У іх ліку Ільля Вашчанка і Маргарыта Пракапенка, якіх з Украіны вывезла жонка расейскага палітыка Сяргея Міронава — пазьней дзяўчынку фармальна ўдачарылі.

Таксама ў пераліку выхаванцы Алешкінскага інтэрната для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, які спыніў працу пасьля акупацыі горада.

Як удакладняе «Вёрстка», сьпіс складзены на аснове дадзеных СБУ, органаў апекі, паліцыі і Офіса амбудсмэна. У многіх выпадках факт дэпартацыі ўдалося ўстанавіць толькі ў рамках крымінальных спраў.

«Усе перададзеныя ў сьпісе дзеці дакладна дэпартаваныя, і амаль усе маюць родных ва Ўкраіне, таму Расея абавязана іх рэпатрыяваць», — заявіла старэйшая дакумэнтатарка ваенных злачынстваў праекта The Reckoning project Вікторыя Новікава.

У рэестры ёсьць і дзеці, пра лёс якіх амаль нічога не вядома, зазначае выданьне. Напрыклад, Анастасія Таўстакорава, якая зьнікла разам з бацькамі ў першыя тыдні вайны падчас абстрэлаў Марыюпаля. Яе бабуля да гэтага часу працягвае пошукі.

Раней у Стамбуле кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі рэзка адрэагаваў на патрабаваньне Ўкраіны вярнуць дэпартаваных дзяцей. Як паведамляе журналіст The Economist Олівэр Кэрал са спасылкай на дасьведчаную крыніцу, Мядзінскі заклікаў «не ладзіць шоў для бязьдзетных эўрапейскіх бабуль».

Мядзінскі таксама публічна пракамэнтаваў абмеркаваньне пытаньня вяртаньня ўкраінскіх дзяцей. Ён сьцьвярджае, што Расея ўпершыню атрымала ад Украіны сьпіс, у якім пазначана 339 прозьвішчаў. Паводле яго слоў, колькасьць «выкрадзеных» дзяцей, якая называлася раней, значна завышаная:

«Гучала, што паўтара мільёна дзяцей выкрадзены. Потым — 200 тысяч. Цяпер афіцыйная лічба — 20 тысяч. З тэмы выкраданьня дзяцей арганізавалі шоў. Насамрэч размова ідзе пра дзясяткі дзяцей. Ніводнага выкрадзенага няма. Ёсьць выратаваныя дзеці, мы шукаем бацькоў, калі знаходзім — вяртаем».

Па дадзеных двух украінскіх чыноўнікаў, на перамовах у Стамбуле расейскі бок прапанаваў вярнуць Украіне дзесяць дзяцей, вывезеных у Расею, да 10 ліпеня, паведамляе Axios.


​
XS
SM
MD
LG