Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Украіны (ГУР) паведаміла, што ў ноч на 31 траўня на чыгуначным участку непадалёк ад паселішча Якімаўка Мелітопальскага раёну Запароскай вобласьці, якое знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, падарваны расейскі вайсковы цягнік.
Паводле гэтага паведамленьня, таварны цягнік, які складаецца з паліўных цыстэрнаў і грузавых вагонаў, рухаўся ў бок анэксаванага Расеяй Крыму. У выніку выбуху ён сышоў з рэек. «Ключавая лягістычная артэрыя акупантаў на захопленых тэрыторыях Запароскай вобласьці і Крыму парушаная», — адзначаецца ў паведамленьні ГУР.
Пасьля выбуху на чыгунцы быў аб’яўлены плян «Перахоп». Патрулі Расгвардыі прачэсваюць населеныя пункты, праверкі на блёкпастах праводзяць асабліва пільна.
Раней сёньня стала вядома пра некалькі інцыдэнтаў на чыгунцы на тэрыторыі Расеі. Сьледчы камітэт Расеі расьсьледуе абрушэньне мастоў у Бранскай і Курскай вобласьцях.
Апрача таго, расейскія тэлеграм-каналы 112, Baza, Mash і Shot паведамілі, што днём 1 чэрвеня падарваная чыгуначная каляіна на перагоне Унеча – Жэча ў Бранскай вобласьці. У той момант па чыгунцы ехаў каляінамерны цягнік. Сьцьвярджаецца, што пацярпелых няма.
Пазьней прэсавая служба Маскоўскай чыгункі пацьвердзіла інфармацыю аб пашкоджаньні шляхоў на ўчастку Унеча – Жэча. Філіял Расейскай чыгункі не ўдакладніў, што стала прычынай пашкоджаньня.
«Рух прыгарадных і пасажырскіх цягнікоў на гэтым участку не адбываецца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Канструкцыя аўтамабільнага мосту ў Бранскай вобласьці на перагоне Выганічы – Пільшына абвалілася ўвечары 31 траўня, калі пад мостам праходзіў пасажырскі цягнік «Клімаў — Масква», у якім былі 388 чалавек. Загінулі сем чалавек, 71 чалавек пацярпеў.
Акрамя гэтага, абрушыўся чыгуначны мост у Жалезнагорскім раёне Курскай вобласьці, калі па ім ехаў грузавы лякаматыў. Пацярпелі машыніст і два памочнікі.
Форум