Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна абвінаваціла Расею ў парушэньні перамір’я, Трамп заклікаў да 30-дзённага спыненьня агню

Наступствы расейскага ўдару па горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласьці непадалёк ад лініі фронту. 8 траўня 2025 году
Наступствы расейскага ўдару па горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласьці непадалёк ад лініі фронту. 8 траўня 2025 году

28 красавіка Ўладзімір Пуцін абвясьціў трохдзённае спыненьне агню да «80-й гадавіны Перамогі» з 8 траўня.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню паміж Расеяй і Ўкраінай і прыгразіў увядзеньнем дадатковых санкцыяў з боку ЗША і іхных партнэраў, калі спыненьне агню не будзе выконвацца.

«Перамовы з Расеяй/Украінай працягваюцца. ЗША заклікаюць, у ідэале, да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню», — заявіў Трамп 8 траўня ў сацыяльнай сетцы Truth Social неўзабаве пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Трамп заявіў, што «абедзьве краіны будуць несьці адказнасьць за павагу да сьвятасьці» наўпроставых перамоваў аб спыненьні канфлікту. Прэзыдэнт ЗША заявіў, што хоча, каб усякае спыненьне агню потым прывяло да «трывалага міру».

«Усё гэта можна зрабіць вельмі хутка, і я буду даступны ў кожны момант, калі спатрэбяцца мае паслугі», — заявіў Трамп.

Трамп зрабіў гэтую заяву пасьля таго, як галоўны дыплямат Украіны назваў абвешчанае Расеяй спыненьне агню «фарсам», абвінаваціўшы расейскія сілы ў сотнях парушэньняў уздоўж усёй лініі фронту ў першы дзень 72-гадзіннага перамірʼя.

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі вітаў ратыфікацыю 8 траўня парлямэнтам Пагадненьня аб эканамічным партнэрстве з ЗША, назваўшы яго «сапраўды гістарычным дакумэнтам, які адкрывае шмат новых магчымасьцяў для супрацы».

Ён сказаў, што размаўляў з Трампам па тэлефоне і абмеркаваў «неабходнасьць далейшых намаганьняў для дасягненьня міру, у тым ліку канкрэтныя крокі, якія можна было б зрабіць». Зяленскі сказаў у этэры X, што Трамп «пацьвердзіў, што хоча, каб гэтая вайна скончылася, гатовы дапамагчы і падтрымлівае неабходнасьць спыненьня агню. Мы дамовіліся аб нашых далейшых кантактах».

Днём раней віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс заявіў, што паміж пазыцыямі Масквы і Кіева «шырокая прорва».

У Кіеве і іншых буйных украінскіх гарадах было ціха пасьля таго, як апоўначы ўступіла ў сілу пагадненьне аб спыненьні агню, паведамленьняў пра далёкія атакі бесьпілётнікаў або ракет пасьля некалькіх начэй бамбаваньняў не паступала.

Але сытуацыя на фронце, які распасьціраецца прыкладна на 1200 кілямэтраў ад расейскай мяжы на ўсходзе да Чорнага мора на поўдні, была іншай, напісаў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга ў паведамленьні на X.

«Паводле нашых вайсковых зьвестак, расейскія войскі працягваюць атакаваць на ўсёй лініі фронту. З поўначы да поўдня Расея зьдзейсьніла 734 парушэньні рэжыму спыненьня агню і 63 штурмавыя апэрацыі, 23 зь якіх усё яшчэ працягваюцца», — напісаў Сыбіга.

Сыбіга напісаў, што было «586 нападаў на пазыцыі нашых войскаў, 464 зь якіх — з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня; 176 удараў... бесьпілётнікамі; і 10 авіяўдараў з выкарыстаньнем 16 кіраваных авіяцыйных бомбаў».

«Як і чакалася, „параднае спыненьне агню“ Пуціна выявілася фарсам», — напісаў ён.

Вайскова-паветраныя сілы Ўкраіны раней заявілі, што расейскія самалёты двойчы запускалі кіраваныя бомбы па Сумскай вобласьці на паўночным усходзе Украіны раніцай 8 траўня, а салдат ва ўсходняй Данецкай вобласьці заявіў, што расейскія войскі выкарыстоўвалі дроны і бомбы падчас ранішніх атак.

Трохдзённае спыненьне агню, абвешчанае прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, набыло моц раніцай 8 траўня.

На гэтым тыдні ў адказ на ўдары па буйных гарадах Украіны пачаліся налёты бесьпілётнікаў на Маскву. Гэта прывяло да закрыцьця аэрапортаў у расейскай сталіцы і прыпыненьня палётаў. 6 і 7 траўня ўводзіліся абмежаваньні ў аэрапортах Масквы, а таксама ў іншых рэгіёнах. Паводле Асацыяцыі турапэратараў Расеі, абмежаваньні палётаў закранулі прынамсі 60 тысяч пасажыраў.

28 красавіка Ўладзімір Пуцін аднабаковым чынам абвясьціў спыненьне агню да «80-й гадавіны Перамогі» — 8, 9 і 10 траўня.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы гэтую расейскую прапанову, нагадаў, што Ўкраіна падтрымлівае ідэю ЗША аб спыненьні агню, а таксама прапанавала 30-дзённую паўзу, і назваў заяву Пуціна «чарговай спробай маніпуляцыі».

Украіна працягвае настойваць на трывалым спыненьні агню, каб дамагчыся мірнага заканчэньня вайны, якую Масква вядзе супраць Кіева, заявіў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце 7 траўня.

«Наша прапанова спыніць удары, спыніць агонь як мінімум на 30 дзён застаецца ў сіле — мы не адклікаем гэтую прапанову, якая магла б даць дыпляматыі шанец. Але менавіта ад Расеі сьвет ня бачыць адказу — ніякага адказу, акрамя новых удараў. Гэта максымальна выразна, відавочна для ўсіх, дэманструе, хто ёсьць крыніцай вайны. Расея павінна спыніць сваю агрэсію, і ім давядзецца гэта зрабіць. Гэта толькі пытаньне часу», — адзначыў Зяленскі, дадаўшы, што «справядлівасьць сьвету таксама дасьць вынік — у многіх адносінах, на жаль, павольна, але, што важна, непазьбежна».

Пасьля таго як Расея абвясьціла аб спыненьні агню на некалькі дзён, Белы дом заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп хоча бачыць «пастаяннае спыненьне агню».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG