Расея паўгоду спрабуе захапіць Пакроўск Данецкай вобласьці, дзень за днём ператвараючы яго ў руіны, апавядае «Настоящее время».
Летась у канцы году расейскае войска ўсутыч падышло да Пакроўску на Данбасе. Але атачыць яго не змагло, а лабавыя штурмы выніку таксама не далі. Цяпер нападнікі выкарыстоўваюць тактыку захопу, даўно апрабаваную ў іншых месцах Украіны, — зраўняць горад зь зямлёй.
На ўскраінах гораду ўжо няма ніводнага ацалелага дому, у калісьці густанаселеных кварталах — ні душы. Спрэс разьбітыя і спаленыя аўтамабілі. У большасьці кватэраў тут жыць немагчыма, а на вуліцу выходзіць небясьпечна — пад нагамі неразарваныя снарады.
Нядаўна ў Пакроўску расейская ракета разбурыла кацельню, якая яшчэ ацяпляла палову гораду.
Новае ў апакаліптычным пэйзажы — павучыньне оптавалакна, якім аблытаны горад. Яго адносна нядаўна прыстасавалі для кіраваньня дронамі, каб яны пераадольвалі радыёэлектронную абарону. І цяпер оптавалакно паўсюль — на гаражах, слупах, дрэвах, у дварах. Кожны дзень кіраваныя праз гэтыя правады расейскія дроны, якія ўкраінскія салдаты называюць «шахедамі», атакуюць Пакроўск.
Украінскія дроны таксама на оптавалакне. Вайскоўцы 68-й брыгады паказваюць кадры з вышыні — як расейцы наступаюць малымі групамі, днём і ўначы.
«Апошнім часам тут іх вельмі шмат палегла, а яны ўсё лезуць далей. А сэнс? — кажуць украінскія вайскоўцы. — Колькі ён (Пуцін) хоча іх пакласьці, каб узяць адну пазыцыю? Бязглуздыя ў іх атакі!»
Абаронцы Пакроўску лічаць, што трохдзённае замірэньне, анансаванае Расеяй да 9 траўня, нападнікі скарыстаюць, каб перагрупавацца і сабраць новыя сілы для атак.
«Усё, што я цяпер бачу, не дае мне нават аднаго адсотку веры, што будзе нейкае спыненьне агню, нават на кароткі тэрмін, — кажа вайсковец Аляксандар. — І гэта будзе зроблена так, каб абвесьці нас вакол пальца, каб больш тэрыторыі сабе захапіць».
«Расейцы цалкам спыня́ць агонь дакладна ня будуць. Ня варта мець ілюзій і фантазіяваць, — адзначае ягоны саслужывец Руслан. — Нават калі тут сьціхне, яны будуць тэрарызаваць мірных жыхароў ракетамі, балістыкай, „шахедамі“. Вы ж бачыце, што адбываецца — яны запускаюць больш за сотню „шахедаў“ за ноч».
Тыя нешматлікія жыхары Пакроўску, што засталіся ў горадзе, рэдка выходзяць на вуліцу, каб ня трапіць пад абстрэл. Памерлых хаваюць проста ў дварах, бо няма як адвезьці цела на могілкі. Валянціна пахавала гэтак сваю суседку. Дата сьмерці на кардонным крыжы — 25 сьнежня, Раство.
«Яна памерла ад хваробы, разумееце? Куды яе было хаваць? Мы нікому не патрэбныя», — кажа яна.
3 траўня прадстаўнік украінскай брыгады, якая абараняе Пакроўск, паведаміў амэрыканскаму Інстытуту вывучэньня вайны, што расейскія войскі спрабуюць прасунуцца да горада Дніпра перад 9 траўня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум