У Таліне адкрылі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі. ФОТА

Фасад будынку, дзе знаходзіцца Офіс.
Фасад будынку, дзе знаходзіцца Офіс.

Адкрыцьцё Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі адбылося падчас працоўнага візыту ў Эстонію Сьвятланы Ціханоўскай.

Як паведамляецца, кіраўніком Офісу будзе Віталь Малчанаў — прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі.

Падчас адкрыцьця з прамовамі выступілі эстонскія і беларускія палітыкі. Падчас выступу дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўкая падзякавала Міністэрству замежных спраў Эстоніі за падтрымку і нагадала пра гістарычную сувязь паміж Беларусьсю і Эстоніяй, а таксама — пра агульную барацьбу за свабоду і эўрапейскія каштоўнасьці:

«На жаль, эстонцы добра ведаюць, што такое акупацыя. Вы разумееце, што адбываецца сёньня на акупаваных тэрыторыях Украіны, і што адбываецца ў Беларусі — і хто за ўсім гэтым стаіць. Менавіта таму мы — беларусы, эстонцы, украінцы, літоўцы, латышы, грузіны, малдаване — павінны быць разам. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб перашкодзіць Пуціну аднавіць Расейскую імпэрыю — турму народаў.

Сёньня Эстонія дапамагае беларусам і ўкраінцам змагацца з расейскім імпэрыялізмам. Пасьля гвалтоўнага захопу ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе Эстонія прыняла сотні беларускіх палітычных уцекачоў... Я ўпэўненая, што адкрыцьцё нашай місіі ў Таліне дасьць практычныя вынікі».

Выступае Сьвятлана Ціханоўская.
Выступае Сьвятлана Ціханоўская.

Таксама адбылася цырымонія ўзнагароджаньня Марка Коплімаа — спэцыяльнага прадстаўніка Эстоніі па справах дэмакратычных сілаў Беларусі.

На адкрыцьці прысутнічалі палітыкі і дыпляматы, у тым ліку — міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу, старшыня Талінскай гарадзкой рады Тоомас Круусімягі, генэральны сакратар МЗС Эстоніі Ёнатан Всэвіаў, спэцпасланьнік Эстоніі па Беларусі Марка Коплімаа, прадстаўнікі МЗС Эстоніі Рыйна Кальюранд, Эрыка Эламаа-Оц, Кярт Юхасоо-Лаўрэнс, Дырэктарка офісу Паўночнай Рады Міністраў у Эстоніі Марыя Грацшэў, прадстаўнікі гарадзкога ўраду.

Прысутнічалі і дыпляматы іншых краін: амбасадары Фінляндыі, Ірляндыі, Швэцыі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Італіі, Малдовы, а таксама дыпляматычныя прадстаўнікі Латвіі, Францыі, ЗША, Румыніі, Канады, Украіны і іншых дзяржаў.

Год назад, 25 сакавіка 2024 году, Офіс дэмакратычных сіл Беларусі быў адкрты ў сталіцы Чэхіі Празе.

​
XS
SM
MD
LG