Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Ўкраіна правялі перамовы ў Саудаўскай Арабіі — украінскі бок ацаніў іх станоўча

Уладзімір Зяленскі ў Данецкай вобласьці 22 сакавіка перад пачаткам перамоваў у Саудаўскай Арабіі
Уладзімір Зяленскі ў Данецкай вобласьці 22 сакавіка перад пачаткам перамоваў у Саудаўскай Арабіі

Афіцыйныя асобы ЗША і Ўкраіны завяршылі перамовы ў Саудаўскай Арабіі напярэдадні другой вырашальнай сэсіі «чаўночнай дыпляматыі», у рамках якой 24 сакавіка амэрыканскія перамоўцы сустрэнуцца з прадстаўнікамі Расеі ў намаганьнях спыніць агонь у вайне.

Вашынгтонская каманда не камэнтавала перамоваў з прадстаўнікамі Кіева, але міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў заявіў, што сустрэча была «канструктыўнай і зьмястоўнай».

«Дыскусія была прадуктыўнай і мэтанакіраванай — мы закранулі ключавыя моманты, у тым ліку энэргетыку», — напісаў Умераў у Facebook.

«Мэта прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага — забясьпечыць справядлівы і трывалы мір для нашай краіны і нашага народу — і, адпаведна, для ўсёй Эўропы. Мы працуем над тым, каб зрабіць гэтую мэту рэальнасьцю».

Перамовы ў Эр-Рыядзе сталі важным этапам у намаганьнях ЗША спыніць агонь ва Ўкраіне. Раней паміж рознымі стадыямі двухбаковых перамоваў былі перапынкі на дзень і больш. Знаходжаньне ўсіх у адным месцы можа паскорыць справу, піша цэнтральная служба Свабоды.

Зараз у саудаўскай сталіцы заплянаваная сустрэча афіцыйных асобаў ЗША і Расеі. Расейскія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што маскоўская дэлегацыя прыбыла позна ўвечары 23 сакавіка. New York Times і Reuters з спасылкай на крыніцы паведамляюць, што пасьля амэрыканска-расейскіх перамоваў можа адбыцца яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў ЗША і Ўкраіны для абмеркаваньня магчымых пагадненьняў.

Аднак, нягледзячы на тое, што расейскія і ўкраінскія перамоўцы будуць у адной краіне, мала хто чакае сур’ёзнага прарыву.

У часе перамоваў Зяленскі заявіў у тэлевыступе, што «наша каманда працуе ў цалкам канструктыўным ключы». «Размова вельмі карысная — праца дэлегацыяў працягваецца».

«Але што б мы сёньня ні казалі нашым партнэрам, нам трэба дамагчыся ад Пуціна рэальнага загаду спыніць удары. Той, хто прывёў гэтую вайну, павінен яе забраць», — дадаў Зяленскі.

Тым ня менш афіцыйныя асобы ЗША выказвалі аптымізм напярэдадні саудаўскіх сустрэчаў.

«Я думаю, што ў панядзелак [23 сакавіка] вы ўбачыце ў Саудаўскай Арабіі нейкі рэальны прагрэс», — сказаў амэрыканскі прадстаўнік Стыў Уіткаф у інтэрвію Fox News 22 сакавіка.

«Максымальны вынік — гэта паўза. Але гэта пакуль невядома, бо перамовы могуць зацягнуцца на месяц-два», — сказаў украінскай службе Радыё Свабода палітоляг Сяргей Таран.

«Думаю, максымум, які можна ўявіць, гэта нейкія тэхнічныя дэталі спыненьня агню, і яны потым у выглядзе прапановаў вернуцца ў Кіеў, Маскву і Вашынгтон», — сказаў ён.

У Расеі прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў зьняпраўджвае ўсякія надзеі на хуткае пагадненьне.

«Ня варта асабліва спадзявацца. Наперадзе вельмі сур’ёзная, грунтоўная праца. Давядзецца паглыбляцца ў дэталі», — сказаў ён у інтэрвію расейскай дзяржаўнай тэлевізіі 23 сакавіка. Паводле Пяскова, бакі яшчэ толькі ў самым пачатку гэтага шляху.

Расейскія і ўкраінскія дыпляматы не плянавалі непасрэднай сустрэчы. Замест гэтага чакаецца, што кожны зь іх сустрэнецца асобна з камандай перамоўцаў ЗША. Адзін амэрыканскі службовец назваў гэта «чаўночнай дыпламатыяй».

Некаторыя назіральнікі кажуць, што замірэньне могуць падпісаць паводле мадэлі, якая выкарыстоўвалася для перамоваў аб спыненьні агню ў Газе. Перамовы занялі месяцы, толькі потым бакі пагадзіліся падпісаць дакумэнт. Але тое пагадненьне, здаецца, досыць хутка развалілася.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп найбольш настойваў на перамовах. Але ягоныя надзеі на хуткі прагрэс неаднаразова вярталіся да пачатковага пункту. Пуцін адхіліў узгоднены з Украінай плян 30-дзённага ўсеагульнага спыненьня агню. Замест гэтага пасьля тэлефоннай размовы з Пуціным Трамп сказаў, што расейцы пагадзіліся прыпыніць атакі на інфраструктуру.

Але Крэмль яшчэ больш звузіў фокус, заявіўшы, што ўгода тычыцца толькі энэргетычнай інфраструктуры, якую ягоныя войскі ўсё роўна атакавалі. Украіна спадзяецца праясьніць гэта ў Джыдзе, падаўшы сьпіс аб’ектаў, якія Расея павінна пагадзіцца не атакаваць.

Падобная блытаніна была і пасьля перамоваў Трампа зь Зяленскім. У той час як афіцыйныя асобы ЗША казалі пра новы плян — ЗША завалодвае ўкраінскімі атамнымі станцыямі ў якасьці формы гарантыі бясьпекі Ўкраіны, Зяленскі даў зразумець, што гэтыя станцыі ёсьць дзяржаўнай уласнасьцю, якая належыць усім украінцам.

Тым часам двухбаковая дамова аб рэдказямельных мінэралах Украіны зноў была амаль гатовая. Але дагэтуль няма яснасьці, калі дакумэнт — сам па сабе, відаць, больш зьвязаны з памкненьнямі, чым з дэталямі — будзе падпісаны.

Калі пераходзіць да новых перамоваў у Саудаўскай Арабіі, ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. Уіткаф, пасланьнік ЗША, сказаў, што будзе прагрэс у «чарнаморскім спыненьні агню, на караблях паміж абедзьвюма краінамі».

Уіткаф таксама выказаў упэўненасьць, што «Пуцін хоча міру», але ў гэта ня вераць Украіна і эўрапейскія краіны.

З прасоўваньнем хісткага дыпляматычнага працэсу расейскія атакі ўзмацніліся. За дзень да перамоваў 5-гадовае дзіця і 11-месячнае немаўля загінулі пасьля атакі Расеі на жылыя дамы. Кіеў нанёс удары ў адказ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG