Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ЗША і Ўкраіны пачалі перамовы ў Саудаўскай Арабіі. Хто ў складзе дэлегацый. ФОТА

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц, міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, кіраўнік офіса прэзыдэнта Украіны Андрэй Ярмак і міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў сустракаюцца ў Джыдзе 11 сакавіка 2025
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц, міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, кіраўнік офіса прэзыдэнта Украіны Андрэй Ярмак і міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў сустракаюцца ў Джыдзе 11 сакавіка 2025

У аўторак 11 сакавіка дэлегацыі ЗША і Ўкраіны сустракаюцца ў Джыдзе для перамоваў.

У саудаўскай Джыдзе пачаліся важныя перамовы паміж Украінай і ЗША. Журналісты ненадоўга ўвайшлі ў пакой, каб убачыць абодва бакі, калі сустрэча пачалася ў гатэлі ў партовым горадзе Чырвонага мора ў аўторак, піша AP.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ўсьміхаўся на камэру, у той час як украінскія чыноўнікі сядзелі без выразаў твару за сталом насупраць.

Міністар замежных спраў Саудаўскай Арабіі прысутнічаў на перамовах. На заднім пляне стаялі амэрыканскі, саудаўскі і ўкраінскі сьцягі. Чыноўнікі не адказвалі ні на якія гучныя пытаньні.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спадзяецца, што перамовы ў Джыдзе адновяць «прагматычныя» адносіны з ЗША пасьля яго няўдалай сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у мінулым месяцы, і ён прапанаваў першапачаткова перамір'е з Расеяй у паветры і на моры.

Прапанова накіравана на тое, каб прадэманстраваць, што ён працуе над мэтай Трампа па спыненьні вайны з маланкавай хуткасьцю пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША абвінаваціў украінскага лідэра ў негатоўнасьці да міру і настойваў на прамых перамовах з Расеяй, піша Reuters.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмавк і міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмавк і міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў

Пра тое, што ўкраінская дэлегацыя прыбыла ў Савудаўскую Арабію, раней паведаміў кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

«Абарона ўкраінскіх інтарэсаў, дакладнае бачаньне завяршэньня вайны, будзем эфэктыўна працаваць з нашымі амэрыканскімі партнэрамі», — напісаў у тэлеграм-канале Ярмак, які ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю.

У перамовах таксама прымуць удзел міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, міністар абароны Рустэм Умераў і намесьнік кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Павел Паліса.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які ў панядзелак прыбыў у Саудаўскую Арабію для сустрэчы з насьледным прынцам Мухамэдам бін Салманам, не далучыцца да перамоваў.

У амэрыканскую дэлегацыю ўваходзяць дзяржсакратар Марка Рубіё, дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц і пасланьнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.

«Мы павінны зразумець пазыцыю Ўкраіны і проста мець агульнае ўяўленьне аб тым, на якія саступкі яны былі б гатовы пайсьці, таму што вы не даможацеся спыненьня агню і спыненьня гэтай вайны, калі абодва бакі не пойдуць на саступкі», — заявіў Рубіё журналістам у панядзелак па шляху ў Джыду.

Па дадзеных крыніц Bloomberg, Уіткаф плянуе наведаць Расею і сустрэцца з Уладзімірам Пуціным на гэтым тыдні. Прадстаўнікі ўладаў Расеі і ЗША аб магчымым візыце Ўіткафа ў Маскву не паведамлялі.

10 сакавіка газета Financial Times са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што прадстаўнікі Ўкраіны на перамовах з ЗША маюць намер прапанаваць частковае спыненьне агню з Расеяй. Мяркуецца, што спыненьне агню закране выкарыстаньне беспілётнікаў і дальнабойных ракет, а таксама правядзеньня баявых апэрацый у Чорным моры.

Украінскі бок спадзяецца, што прагрэс у перамовах прымусіць Вашынгтон адмяніць сваё рашэньне аб прыпыненьні абмену выведнымі дадзенымі і паставак вайсковай дапамогі.

Дэлегацыя ЗША, па дадзеных крыніц Reuters, плянуе выкарыстоўваць сустрэчу ў тым ліку для таго, каб вызначыць, ці гатовая Ўкраіна пайсьці на істотныя саступкі Расеі, каб пакласьці канец вайне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG