Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра амэрыкана-ўкраінскія перамовы ў Саудаўскай Арабіі 11 сакавіка

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і насьледны прынц і прэм'ер-міністар Саудаўскай Арабіі Мухамад бен Салман аль Сауд. Джыда, Саудаўская Арабія, 12 чэрвеня 2024 г.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і насьледны прынц і прэм'ер-міністар Саудаўскай Арабіі Мухамад бен Салман аль Сауд. Джыда, Саудаўская Арабія, 12 чэрвеня 2024 г.

Пра гэта піша аналітык Радыё Свабода Рыд Стэндыш.

Падчас жорсткай размовы ў Авальным кабінэце прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў свайму ўкраінскаму калегу Ўладзіміру Зяленскаму: «Цяпер у вас няма картаў».

Цяпер, калі Зяленскі прыбывае ў Саудаўскую Арабію, дзе ўкраінская дэлегацыя 11 сакавіка будзе ўдзельнічаць у перамовах з афіцыйнымі асобамі ЗША наконт патэнцыйнага мірнага пагадненьня, карты Кіева будуць адкрытыя ў поўнай меры.

«Ва Ўкраіны слабая пазыцыя за сталом перамоваў, — кажа Майкл Фроман, прэзыдэнт Рады міжнародных адносін. — Як Трамп і яго прадстаўнікі далі зразумець, Вашынгтон ня схільны бясконца падтрымліваць Кіеў».

Пасьля спрэчкі Зяленскага і Трампа ў Белым доме ў канцы лютага Вашынгтон узмацніў ціск на Ўкраіну, прыпыніўшы вайсковую дапамогу і абмен выведнымі дадзенымі. Важнае пагадненьне ЗША і Ўкраіны аб карысных выкапнях таксама застаецца непадпісаным.

Трамп выказаў аптымізм наконт перамоваў, заявіўшы журналістам: «Я лічу, што на гэтым тыдні мы даб’емся значнага прагрэсу». Перад паездкай у Саудаўскую Арабію Зяленскі заявіў, што «працягне працаваць дзеля міру».

«Цяпер прыйшоў час для новага раўнду ставак, — кажа Фроман. — На якія амэрыканскія фішкі гатовы паставіць Трамп, каб заключыць не любую ўгоду, а ўгоду, якая стварае справядлівы і трывалы мір?»

Хто будзе ўдзельнічаць у перамовах?

Аднадзённыя перамовы ў Саудаўскай Арабіі стануць першай сустрэчай украінскіх і амэрыканскіх высокіх прадстаўнікоў пасьля візыту Зяленскага ў Белы дом 28 лютага.

Яны адбываюцца амаль празь месяц пасьля таго, як афіцыйныя асобы ЗША і Расеі правялі перамовы ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе аб спыненьні вайны ва Ўкраіне — без прысутнасьці прадстаўнікоў Кіева.

Прэзыдэнт Украіны наведае Саудаўскую Арабію 10 сакавіка, ён сустрэнецца з насьледным прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамадам бін Салманам аль Саудам.

Украінская перамоўная група застанецца ў краіне для сустрэчы з амэрыканскімі калегамі на наступны дзень. У склад дэлегацыі Кіева ўваходзяць кіраўнік офісу Зяленскага Андрэй Ярмак, міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга і міністар абароны Рустэм Умераў.

Амэрыкана-ўкраінскія перамовы пройдуць у саудаўскім горадзе Джыдзе. У складзе амэрыканскай дэлегацыі — дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц.

Раней гаварылася, што на сустрэчы будзе і адмысловы пасланьнік прэзыдэнта ЗША на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф. Але цяпер паведамляецца, што ён можа адправіцца ў Катар для перамоваў аб спыненьні агню паміж Ізраілем і групоўкай ХАМАС у сэктары Газа.

Чаго ЗША хочуць ад Украіны на перамовах?

Трамп заявіў, што ва Ўкраіне заканчваюцца працоўныя сілы і рэсурсы і што ёй трэба хутка сесьці за стол перамоваў з Расеяй.

Уіткаф заявіў на мінулым тыдні, што ён спадзяецца абмеркаваць «рамкі» для патэнцыйнага спыненьня агню і мірнага пагадненьня падчас перамоваў.

Афіцыйныя асобы ЗША таксама будуць глядзець, у чым Кіеў гатовы пайсьці на кампраміс. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Кіеў дамагаўся вяртаньня ўсёй сваёй тэрыторыі і поўнага вываду расейскіх войскаў.

Камэнтары Трампа і іншых афіцыйных асобаў ЗША паказваюць, што гэтая пазыцыя не разглядаецца як рэалістычная ў Белым доме.

Асобныя элемэнты мірнага працэсу таксама могуць абмяркоўвацца, у тым ліку такія пытаньні, як хуткае спыненьне агню для ўстанаўленьня даверу, абмен палоннымі і, магчыма, у нейкі момант выбары ва Ўкраіне.

Напярэдадні перамоваў дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Лешчанка заявіў журналістам, што Кіеў гатовы пагадзіцца на частковае спыненьне агню ў паветры і на моры.

«Хочаце перамірʼя — мы гатовыя, — заявіў ён 10 сакавіка. — Але не на сушы, дзе Пуцін зможа заключыць перамірʼе на некалькі месяцаў: лячыць параненых, набіраць пяхоту ў Паўночнай Карэі, а потым аднавіць гэтую вайну».

У абмен на саступкі з боку Ўкраіны адміністрацыя Трампа магла б аднавіць вайсковую дапамогу і абмен выведнымі дадзенымі.

9 сакавіка Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты могуць неўзабаве аднавіць абмен выведнымі дадзенымі з Украінай, даўшы зразумець, што гэта можа адбыцца, калі будуць пазытыўныя вынікі перамоваў у Саудаўскай Арабіі.

Ці ёсьць ва Ўкраіны перамоўная моц?

ЗША моцна ціснулі на Зяленскага, каб дамагчыся ад яго саступак перад мірнымі перамовамі. Ён настойваў на цьвёрдых гарантыях бясьпекі для Кіева, якіх дагэтуль не атрымаў.

Адмысловы пасланьнік ЗША Кіт Келаг ахарактарызаваў узмацненьне ціску, выкліканае спыненьнем ваенных паставак і супрацоўніцтва ў выведнай сфэры, як «удары мула па носе».

Таксама ад сустрэчы ў Джыдзе залежыць лёс угоды аб карысных выкапнях паміж Злучанымі Штатамі і Ўкраінай. Кіеў хацеў, каб ува ўгоду былі ўключаныя дакладныя гарантыі бясьпекі з боку ЗША ў абмен на доступ да пэўных мінэральных рэсурсаў ва Ўкраіне. Аднак Вашынгтон гэтае патрабаваньне адхіліў.

Узгадненьне гэтай угоды было прыпыненае падчас візыту Зяленскага ў Вашынгтон, але абодва бакі зноў выказалі жаданьне яе падпісаць . Напярэдадні маючых адбыцца ў Джыдзе перамоваў Трамп заявіў, што мяркуе, што Ўкраіна паставіць свой подпіс.

У сваім нядаўнім інтэрвію Келаг адзначыў, што гэта можа быць лепшым варыянтам для Кіева.

«Калі Злучаныя Штаты маюць прамую эканамічную зацікаўленасьць ва Ўкраіне, то Злучаныя Штаты таксама маюць прамую і асабістую зацікаўленасьць у абароне сваіх эканамічных інтарэсаў, што, па сутнасьці, служыць дэ-факта гарантыяй бясьпекі Ўкраіны», — сказаў ён.

Якая пазыцыя Расеі?

Гэтым разам Расея ня будзе сядзець за сталом перамоваў у Саудаўскай Арабіі, але гатовасьць Масквы да саступак — гэта пытаньне, якое таксама стаіць на парадку дня амэрыкана-ўкраінскай сустрэчы.

Зяленскі заявіў, што Пуцін ня хоча міру, і падкрэсьліў, што расейскі лідэр парушыў ранейшыя дамоўленасьці аб спыненьні агню.

Эўрапейскія саюзьнікі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што Кіеў можа заключыць угоду з Расеяй толькі з пазыцыі сілы і што Ўкраіну ня варта прымушаць садзіцца за стол перамоваў.

Нягледзячы на гэтыя меркаваньні, ЗША ціснуць на Ўкраіну, каб тая пайшла на кампраміс, а пра крокі Злучаных Штатаў, каб падштурхнуць Маскву да саступак, нічога не вядома.

Томас Грэм, былы дырэктар расейскага аддзелу Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША пры прэзыдэнту Джорджу Бушу-малодшым, які падтрымлівае кантакты з афіцыйнымі асобамі ў Маскве, кажа, што «Крэмль не адступіўся ад сваіх максымальных патрабаваньняў па спыненьні канфлікту».

Масква працягвае настойваць, каб Украіна не ўваходзіла ў NATO і прызнала расейскай украінскую тэрыторыю, акупаваную РФ. Крэмль таксама дамагаецца дэмілітарызацыі Ўкраіны і адмены заходніх санкцыяў адносна Расеі.

«Крэмль вітае крокі, якія падрываюць пазыцыю Ўкраіны, такія як рашэньне ЗША прыпыніць пастаўкі зброі ва Ўкраіну, якое прадстаўнік Крамля назваў „найлепшым унёскам у справу міру“», — сказаў Грэм.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG