Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расказалі аб магчымых наступствах спыненьня з боку ЗША абмену выведнай інфармацыяй

Сьцягі ЗША і Ўкраіны побач з Капітоліем. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі ЗША і Ўкраіны побач з Капітоліем. Ілюстрацыйнае фота

5 сакавіка дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф заявіў, што ЗША прыпынілі абмен выведнай інфармацыяй з Украінай, а перад гэтым стала вядома аб прыпыненьні адміністрацыяй Дональда Трампа вайсковай дапамогі ўкраінскаму боку.

Кіраўнік украінскага Цэнтру радыётэхналёгій Сяргей Бяскрэстнаў, вядомы пад пазыўным «Флэш», мяркуе, што найбольш ад спыненьня абмену выведнай інфармацыяй з ЗША можа пацярпець цывільнае насельніцтва, бо пры дапамозе такіх зьвестак Украіна атрымлівала своечасовую інфармацыю аб узьлёце расейскай стратэгічнай авіяцыі і магла падрыхтавацца да адбіцьця атакі.

«Цяпер нам давядзецца працаваць з сродкамі радыёперахопліваньня, якія ў нас таксама ёсьць. Мы будзем маніторыць радыёабмен стратэгічнай авіяцыі Расеі. Мы і так гэта рабілі раней, але цяпер у нас гэта будзе асноўнай крыніцай інфармацыі. Безумоўна, мы можам пацярпець праз адсутнасьць інфармацыі, напрыклад, пра раньнія запускі „шахедаў“ або аб разгортваньні на баявых пазыцыях „Іскандэра“. Такая інфармацыя перадавалася ў рэжыме онлайн з пэўных спэцыфічных спадарожнікаў. То бок гэта для нас можа быць нэгатыўным», — сказаў Сяргей Бяскрэстнаў у інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.

Паводле яго, без дапамогі ЗША будзе больш складана наводзіць сыстэмы HIMARS, бо для іх цяпер адключылі магчымасьць навядзеньня на цэль.

«Нам давядзецца шукаць цэлі сваімі сродкамі, карэктаваць сваімі сродкамі. То бок мы гэта будзем рабіць. [...] Мы можам знаходзіць цэлі сваімі сродкамі, выкарыстоўваючы нашы БПЛА і выведку», — адзначыў Сяргей Бяскрэстнаў.

Прадстаўнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Раман Кастэнка перакананы, што цяпер украінскія сілы абароны будуць мець менш часу на падрыхтоўку да адбіцьця расейскіх абстрэлаў.

«Наконт гатоўнасьці расейскіх ракетаносьбітаў або расейскіх пускавых установак, аж да „Арэшніку“, рабіць запускі і папярэджваць, у тым ліку цывільнае насельніцтва, якое глядзіць у свае тэлефоны і бачыць, што там „шахеды“ паляцелі або рыхтуецца балістычны ўдар ракетамі — гэта, вядома, таксама дапамога нашых партнэраў. Гэта таксама паставіць пад пагрозу цывільную інфраструктуру», — сказаў Раман Кастэнка.

Паводле яго, без дадатковай выведнай інфармацыі будзе больш складана наносіць удары па тэрыторыі Расеі.

«Украіна зможа біць па стацыянарных аб’ектаў Расеі, пра якія вядома. Напрыклад, па дальніх аэрадромах, але ня зможа без дапамогі хаўрусьнікаў бачыць, ці стаяць там самалёты, якія могуць падняцца і нанесьці ўдар па Ўкраіне», — адзначыў дэпутат.

У той жа час ва Ўкраіне спадзяюцца, што адсутнасьць амэрыканскай выведнай інфармацыі кампэнсуюць эўрапейскія партнэры.

«Ёсьць яшчэ выведная інфармацыя ў Брытаніі, у Францыі, і гэта даволі магутныя структуры, таму катастрофы як такой ня будзе. Стане больш складана, але гэта не катастрофа», — перакананы экспэрт аналітычнай групы «Левіяфан» Мікола Мельнік.

5 сакавіка дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф заявіў, што ЗША прыпынілі абмен выведнай інфармацыяй з Украінай, а перад гэтым стала вядома аб прыпыненьні адміністрацыяй Дональда Трампа вайсковай дапамогі ўкраінскаму боку.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) выказалі меркаваньне, што спыненьне абмену выведнай інфармацыяй паміж ЗША і Ўкраінай нашкодзіць украінскім магчымасьцям абараняць сваю тэрыторыю, вайсковыя і цывільныя аб’екты ад пастаянных расейскіх абстрэлаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG