Лех Валэнса падпісаў ліст разам зь іншымі былымі польскімі палітвязьнямі, гаворыцца ў ягонай публікацыі, разьмешчанай у Facebook.
«Гісторыя XX стагодзьдзя паказвае, што кожны раз, калі Злучаныя Штаты імкнуліся дыстанцыявацца ад дэмакратычных каштоўнасьцяў і сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў, гэта абарочвалася пагрозай для іх саміх. Прэзыдэнт Вудра Вільсан разумеў гэта, калі прыняў рашэньне аб уступленьні ЗША ў Першую сусьветную вайну ў 1917 годзе.
Прэзыдэнт Франклін Рузвэльт усьведамляў гэта, калі пасьля нападу на Пэрл-Гарбар у сьнежні 1941 года прыняў рашэньне весьці вайну ў абарону Амэрыкі ня толькі на Ціхаакіянскім тэатры, але і ў Эўропе, у саюзе з краінамі, якія зазналі напад Трэцяга райху», — гаворыцца ў лісьце.
Лех Валэнса і шэраг былых польскіх палітвязьняў падкрэсьліваюць, што матэрыяльная дапамога — вайсковая і фінансавая — ня можа быць «эквівалентам крыві, пралітай у імя незалежнасьці і свабоды Ўкраіны, Эўропы і ўсяго свабоднага сьвету».
«Чалавечае жыцьцё — неацэннае, яго нельга вымераць грашыма. Падзяка тым, хто ахвяруе крывёй і свабодай. Для нас, людзей „Салідарнасьці“, былых палітвязьняў камуністычнага рэжыму, гэта відавочна», — адзначаюць аўтары ліста, заклікаючы ЗША выканаць гарантыі, дадзеныя Ўкраіне ЗША разам зь Вялікай Брытаніяй у Будапэшцкім мэмарандуме 1994 году.
На іх думку, у дакумэнце дакладна прапісаныя абавязаньні па абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў абмен на яе адмову ад ядзернай зброі.
«Гэтыя гарантыі безумоўныя: там няма ні слова аб трактоўцы такой дапамогі як эканамічнай».
28 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў эмацыйную дыскусію з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Вэнсам наконт вайны Расеі супраць Украіны. Падчас размовы Зяленскі, у прыватнасьці, заявіў, што ня прыме спыненьня агню без гарантый бясьпекі.
Пасьля гэтага Дональд Трамп заявіў, што Ўладзімір Зяленскі не гатовы да міру. Ён дадаў, што Зяленскі праявіў непавагу да ЗША ў Авальным кабінэце і «зможа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру».
У той жа дзень Зяленскі даў інтэрвію амэрыканскаму каналу Fox News, у якім назваў спрэчку ў Авальным кабінэце «нядобрай» для абодвух бакоў. Прэзыдэнт Зяленскі таксама падкрэсьліў, што Ўкраіна ня ўступіць у мірныя перамовы з Расеяй, пакуль не атрымае гарантый бясьпекі ад новага ўварваньня.
У 1994 годзе Ўкраіна адмовілася ад ядзернай зброі. Пасьля гэтага Ўкраіна, ЗША, Расея і Вялікая Брытанія падпісалі Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (так званы Будапэшцкі мэмарандум).
У дакумэнце зьмяшчаюцца палажэньні, якія даюць Украіне гарантыі сувэрэнітэту і бясьпекі.
Аднак у 2014 годзе Расея, будучы адной з краін-гарантаў бясьпекі Ўкраіны па Будапэшцкім мэмарандуме, праігнаравала гэты дакумэнт і ўвогуле нормы міжнароднага права, пачаўшы гібрыдную вайну, а ў 2022 годзе разьвязала поўнамаштабнае ўварваньне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум