Кансэрватыўная Wall Street Journal піша аб тым, што ў выніку «прадстаўленьня ў Авальным кабінэце» выйграў Пуцін: «Дзіўна назіраць за хаўрусьнікамі Трампа, якія абараняюць гэта фіяска як праяву сілы Амэрыкі. Амэрыканская цікавасьць заключаецца ў задушэньні імпэрскіх задумаў Уладзіміра Пуціна па аднаўленьні страчанай савецкай імпэрыі, вынікам чаго стане кровапраліцьце і ўдар па амэрыканскіх інтарэсах», — заяўляе газэта.
«Дзень амэрыканскай ганьбы», — з такім камэнтаром выступіла лібэральная The New York Times.
«Праблема заключаецца ў тым, што прэзыдэнт Трамп хоча дамагчыся перамір’я паміж Украінай і Расеяй, адчуваючы пры гэтым пачуцьцё раздражненьня ў дачыненьні ўкраінскага кіраўніцтва, якое, як ён лічыць, падтрымлівала яго палітычных апанэнтаў», — гаворыць у інтэрвію Радыё Свабода амэрыканскі публіцыст і знаўца Расеі Дэвід Сатэр.
«У такой сытуацыі рэзкая рэакцыя віцэ-прэзыдэнта Вэнса на цалкам зразумелы адказ Уладзіміра Зяленскага аб поўным правале дыпляматычных спробаў спыніць Пуціна ў мінулым выклікала вельмі эмацыйную рэакцыю Дональда Трампа. Мне здаецца, што ні прэзыдэнт Трамп, ні яго асяродзьдзе не разумеюць, што яны ня могуць быць эфэктыўнымі пасярэднікамі, калі затаілі крыўду на адзін з бакоў канфлікту і хочуць яго пакараць. З гэтым не пагодзяцца ўкраінцы, з гэтым не пагодзяцца нашы хаўрусьнікі, і многія амэрыканцы з гэтым не пагодзяцца.
Сытуацыя трывожная. Прадказаць штосьці немагчыма, бо шмат залежыць ад настрою Трампа. Я спадзяюся на амэрыканскую грамадзкую думку. Калі ў Белым доме стане зразумела, што амэрыканцы на баку Ўкраіны, гэта будзе мець значэньне».
Аднаўленьне дачыненьняў магчымае пасьля невялікай паўзы, лічыць гісторык, супрацоўнік цэнтру Дэвіса пры Гарвардзкім унівэрсытэце Джошуа Рубэнстын:
«Я спадзяюся, што Ўладзімір Зяленскі зможа знайсьці магчымасць аднавіць кантакты з Дональдам Трампам у ціхай абстаноўцы, магчыма, зьвярнуўшыся да пасярэдніцтва дыпляматаў. У гэтым яму могуць дапамагчы эўрапейскія хаўрусьнікі Ўкраіны. Сутнасьць у тым, што мірная дамоўленасьць патрабуецца і Расеі, і Ўкраіне, і Трампу, які рэальна хоча спыніць гэтую вайну і зрабіў на гэта публічную стаўку.
Пытаньне ў тым, на якіх умовах. Можна выказаць здагадку, што сур’ёзная спрэчка Трампа і Зяленскага выклікала задавальненьне ў Маскве. Але я ня думаю, што Дональд Трамп можа цалкам адвярнуцца ад Кіева, бо гэта будзе вельмі дрэнна ўспрынята нашымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі. І я ня думаю, што гэта будзе ўспрынята як нешта натуральнае пераважнай большасьцю нашых заканадаўцаў ці большасьцю амэрыканцаў.
Да Пуціна ў большасьці амэрыканцаў вельмі нэгатыўнае стаўленьне. Я падазраю, што гэты выбух абурэньня на вачах усёй краіны учас прыёму прэзыдэнта замежнай дзяржавы наўрад ці паслужыць уздыму рэйтынгаў прэзыдэнта Трампа, за выняткам, мабыць, лягеру яго безумоўных прыхільнікаў».
Палітоляг Эрык Шыраеў прапануе два магчымыя сцэнары далейшага разьвіцьця падзей:
«Першы — угода з Украінай будзе сарваная. Зяленскі падасьць у адстаўку, але вайна працягнецца, бо на несправядлівы мір ня пойдзе ні адзін украінскі лідэр. Пры гэтым прэзыдэнт Трамп будзе абвінавачваць усіх астатніх у няздольнасьці заключыць мір.
Другі сцэнар — угоду адкладуць, Эўропа тэрмінова дасьць істотную дапамогу Ўкраіне. Але да таго, як гэтая дапамога рэальна дойдзе да Кіева, вайна працягнецца. Вашынгтон, магчыма, ня згорне ўсю падтрымку, бо частка дапамогі ўжо замацаваная ў законах, прынятых Кангрэсам. Але ў такім выпадку, легенда аб вялікім майстры пагадненьняў, якую Дональд Трамп так доўга культываваў, будзе зазнаваць ўсё большых суворых праверак. І яму ў нейкі момант спатрэбіцца дзеяньне, каб паказаць, што ён здольны дасягнуць рэальных вынікаў».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум