Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не зьніжае інтэнсіўнасьці абстрэлаў Украіны дронамі і запускае чыгуначны рух з акупаваным Марыюпалем

Украінскія паліцыянты зьбіваюць расейскія дроны ў Кіеве, кастрычнік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія паліцыянты зьбіваюць расейскія дроны ў Кіеве, кастрычнік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

На фронце сытуацыя застаецца напружанай.

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі ў ноч на 21 лютага атакавалі Ўкраіну 160 ударнымі дронамі і бесьпілётнікамі-імітатарамі.

Апроч таго, з тэрыторыі анэксаванага Крыму расейскія войскі запусьцілі дзьве балістычныя ракеты «Іскандэр-М/KN-23» па Адэскай вобласьці.

«У выніку варожай атакі пацярпелі Адэшчына, Кіеўшчына, Палтаўшчына і Харкаўшчына», — адзначаецца ў паведамленьні.

У той жа час мясцовыя ўлады не паведамляюць аб маштабах наступстваў гэтай атакі. Вядома, што ў Запароскай вобласьці ў выніку расейскага абстрэлу загінуў адзін чалавек і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

Сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 87 ударных дронаў над 12 абласьцямі, а 70 бесьпілётнікаў змаглі абясшкодзіць сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Згодна з паведамленьнем украінскага маніторынгавага каналу, як мінімум тры баявыя дроны зьмянілі свой рух і накіраваліся ў бок Беларусі — у 23:52 у кірунку Верхніх Жараў, у 01:10 у кірунку Лельчыц і ў 03:30 у кірунку Століна.

Улады Беларусі пра гэтыя інцыдэнты нічога не паведамляюць.

Расея адкрыла чыгуначны маршрут Растоў — Марыюпаль

У Цэнтры вывучэньня акупацыі, які ачольвае Пятро Андрушчанка, колішні дарадца мэра Марыюпаля, паведамілі, што Расея змагла запусьціць паўнавартасны чыгуначны рух па маршруце Растоў — Марыюпаль — Валнаваха — Данецк.

«Расейскія акупанты пабудавалі чыгунку, каб скараціць шлях дастаўкі вайсковай тэхнікі на фронт з Растова да Марыюпалю і Валнавахі. Далей чыгунку плянуюць запусьціць у Крым», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле экспэртаў, гэты чыгуначны шлях «у глыбокім тыле» павінен спрасьціць вайсковую лягістыку і зьменшыць залежнасьць расейскай арміі ад Крымскага моста.

На фронце Расея павялічыла да амаль 3 тысяч колькасьць выкарыстаных дронаў

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны адбылося 121 баявое сутыкненьне.

«Вораг нанёс па пазыцыях украінскіх падразьдзелаў і населеных пунктах тры ракетныя і 93 авіяцыйныя ўдары, выкарыстаў 17 ракет і скінуў 151 кіраваную авіябомбу. Апроч гэтага, ажыцьцявіў больш за 5500 абстрэлаў, у тым ліку 129 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню, і выкарыстаў 2650 дронаў-камікадзэ», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Найбольш напружаная сытуацыя, як і раней, застаецца на пакроўскім кірунку ў Данецкай вобласьці — там расейцы зьдзейсьнілі 34 атакі. Іх, паводле Генштабу, змаглі адбіць.

Баявыя дзеяньні працягваюцца на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім і курскім кірунках.

У Курскай вобласьці расейскія падразьдзелы ажыцьцявілі 29 штурмаў украінскіх пазыцый, і актыўна выкарыстоўвалі авіяцыю і артылерыю для іх абстрэлу.

Згодна з паведамленьнем украінскага аналітычнага праекту DeepState, расейскія войскі вярнулі пад свой кантроль Свердлікава ў Суджанскім раёне і працягваюць ціск на захадзе тэрыторыі курскай групоўкі Сіл абароны Ўкраіны.

Адначасова расейскія войскі пачалі «актыўна паляваць» на лягістычныя маршруты, па якіх дастаўляюцца боепрыпасы з Сумскай вобласьці. Паводле аналітыкаў, гэтую лягістыку абстрэльваюць з артылерыі і дронамі.

«Для ворага паўстае відавочная і ўжо звыклая мэта — лягістыка. На жаль, яны дасягнулі ў гэтым посьпеху па агнявым кантролі і актыўна намагаюцца дасягнуць яго фізычна, рухаючыся з заходняй часткі. Гэта ўжо мае непрыемныя наступствы і далей можа скласьціся ня вельмі добра», — мяркуюць аналітыкі.

У Міністэрстве абароны Расеі адзначаюць посьпехі на курскім кірунку, але не ўдакладняюць прасоўваньня сваіх войскаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG