Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не спыняе абстрэлаў мірных жыхароў і інфраструктуры: у Херсоне разбураны дом, Адэса зноў безь сьвятла

Наступствы расейскага ўдару па Херсоне 20 лютага 2025
Наступствы расейскага ўдару па Херсоне 20 лютага 2025

Расея на тле перамоў з ЗША аб Украіне не спыняе тэрору мірных грамадзян.

Расейскія войскі ў ноч на 20 лютага абстралялі некалькі рэгіёнаў Украіны з выкарыстаньнем дронаў і кіраваных авіябомбаў (КАБ).

У Херсоне КАБ пацэліла ў дзесяціпавярховы дом

Удар зьнішчыў пятнаццаць кватэр зь першага па дзясяты паверх аднаго з пад’ездаў.

Паводле ўладаў, пакуль што вядома пра 6 пацярпелых, дваіх зь іх супрацоўнікі службы ў надзвычайных сытуацыях выратавалі з 8 і 9 паверхаў пашкоджанага дома.

У лякарні знаходзяцца двайняты — 14-гадовыя хлопчык і дзяўчынка, а таксама 47-гадовы мужчына, які дзяжурыў на аўтастаянцы паблізу месца ўдару — у яго аскепкавае раненьне і пералом касьцей нагі.

Цяпер на месцы ўдару працуюць 120 чалавек і 35 адзінак тэхнікі — выратавальнікі, паліцыя, лекары, камунальнікі, валянтэры і гарадзкая ўлады. Усе спадзяюцца, што з-пад завалаў удасца выратаваць жывых людзей.

У Адэсе яшчэ адзін раён застаўся безь сьвятла

Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў, што ў выніку атакі бесьпілётнікамі расейскія войскі пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру — цяпер амаль 90 тысяч адэсітаў засталіся безь сьвятла, аднаго чалавека шпіталізавалі з раненьнем.

Уначы ўкраінскія пажарныя і выратавальнікі змагаліся з пажарамі, якія пачаліся пасьля зьбіцьця бесьпілётнікаў — на даху ўстановы грамадзкага харчаваньня і складу.

Паводле ўладаў, у выніку другой атакі за апошнія два дні пашкоджаныя адміністрацыйнае памяшканьне, аўтасэрвіс, дарога і адзін прыватны дом.

У Чаркаскай вобласьці трывога працягвалася больш за 11 гадзін

Улады Чаркаскай вобласьці паведамілі, што над тэрыторыяй рэгіёну сілы СПА зьбілі 14 расейскіх дронаў. Трывога працягвалася больш за 11 гадзін. У адным з раёнаў вобласьці пашкодзілі лінію электраперадач, адно прыватнае прадпрыемства, а таксама помнікі на мясцовых могілках.

Паводле ўладаў, людзі ад абстрэлу не пацярпелі.

У прыфрантавых Харкаўскай і Запароскай вобласьці ёсьць ахвяры сярод цывільных

Расейскія войскі абстрэльваюць Харкаўшчыну фактычна безь перапынку — як пазыцыі ўкраінскай арміі на лініі фронту, так і прылеглыя населеныя пункты.

Паводле абласных уладаў, расейскія войскі не спыняюць спроб прарваць абарону на купянскім і ваўчанскім кірунках. У выніку артылерыйскіх абстрэлаў пашкоджана лінія электраперадач і больш за 10 прыватных дамоў. Адзін дрон пацэліў у цывільны аўтамабіль.

У Запароскай вобласьці ў выніку расейскіх абстрэлаў раненьні атрымалі два чалавекі. Паводле абласных уладаў, цягам апошніх 24 гадзін расейскія войскі нанесьлі 530 удараў з авіяцыі і дронамі па 9 населеных пунктах рэгіёну.

  • 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі. Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна. Расейская дэлегацыя пераконвала амэрыканскі бок, што Расея не абстрэльвае па цывільных аб'ектаў і энэргетыкі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG