Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе атакі Расеі адзін дрон заляцеў у Беларусь і два — у Малдову. У Мікалаеве жыхары засталіся безь цяпла

Ва Ўкраіне пасьля начной атакі Расеі пачалі аварыйна адключаць электраэнэргію. Ілюстрацыйнае фота
Ва Ўкраіне пасьля начной атакі Расеі пачалі аварыйна адключаць электраэнэргію. Ілюстрацыйнае фота

Расея ў ноч на 17 лютага атакавала Ўкраіну 147 ударнымі дронамі і бесьпілётнікамі-імітатарамі.

Паводле камандаваньня Паветранымі сіламі Ўкраіны, сілы супарцьпаветранай абароны змаглі зьбіць 83 дроны тыпу Shahed у Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Кіеўскай, Кіраваградзкай, Запароскай, Днепрапятроўскай і Адэскай вобласьцях.

Яшчэ 59 дронаў абясшкодзілі ўзьдзеяньнем сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Найбольш пацярпелі Харкаўшчына, Кіеўшчына, Палтаўшчына і Запарожжа.

У Малдове заявілі пра два расейскія дроны

Амаль у поўнач ва ўрадзе Малдовы паведамілі, што два дроны парушылі паветраную прастору краіны. Першы заляцеў прыблізна ў 22:48, а другі — у 23:20.

Згодна з паведамленьнем, абодва дроны празь некалькі хвілін вылецелі з Малдовы праз Гагаўзію ў кірунку Адэскай вобласьці.

Увесь час спэцыялізаваныя службы Малдовы кантралявалі сытуацыю.

У Беларусь заляцеў адзін дрон

Украінскі маніторынгавы тэлеграм-канал паведаміў, што ў ноч на 17 лютага, прыблізна ў 01:18 адзін з абясшкоджаных расейскіх дронаў вылецеў з паветранай прасторы Ўкраіны ў кірунку Верхніх Жараў Камарынскага раёну Гомельскай вобласьці.

А прыблізна ў 01:33 бесьпілётнік заляцеў зь Беларусі і ішоў курсам на Славуціч Кіеўскай вобласьці — гэта горад, які пабудавалі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС для супрацоўнікаў станцыі.

У Беларусі не паведамлялі аб гэтых інцыдэнтах.

У Мікалаеве трэці дзень ня могуць аднавіць цеплазабесьпячэньне

Улады Ўкраіны паведамілі, што ў выніку атакі дронамі ў чатырох рэгіёнах — Харкаўскай, Кіеўскай, Палтаўскай і Запароскай абласьцях — істотна пацярпеў жылы сэктар. Папярэдне, абышлося без ахвяр і пацярпелых.

У Мікалаеве пасьля інтэнсіўнай расейскай атакі 16 лютага палова жыхароў горада засталіся безь цяпла, частка — без вады.

Улады заявілі, што расейскія войскі наўмысна атакавалі Мікалаеўскую ТЭЦ. Мэр горада Аляксандар Сянкевіч папярэдзіў, што на аднаўленьне спатрэбіцца некалькі дзён, бо электрагенэрацыю «цалкам зьнішчылі». Гарадзкія ўлады заклікалі жыхароў па магчымасьці выехаць з горада на час, пакуль ня будзе цяпла.

17 лютага ў некалькіх рэгіёнах Украіны ўвялі аварыйнае адключэньне электраэнэргіі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG