Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расказалі пра маштабы начнога абстрэлу расейскімі войскамі. Ёсьць пацярпелыя і руйнаваньні

Украінскія ратавальнікі тушаць пажар на месцы падзеньня аскепкаў расейскага дрона. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія ратавальнікі тушаць пажар на месцы падзеньня аскепкаў расейскага дрона. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 28 студзеня ў выніку расейскіх абстрэлаў пацярпелі як тылавыя, так і прыфрантавыя вобласьці Ўкраіны.

Паводле папярэдняй інфармацыі рэгіянальных уладаў Украіны, пацярпелі 12 грамадзян у Адэсе, а таксама ў Запароскай і Харкаўскай абласьцях. Шмат разбурэньняў у іншых рэгіёнах.

Расея атакавала Ўкраіну 100 бесьпілётнікамі, 65 зь якіх зьбілі, а іншыя абясшкодзілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, пасьля гэтага два дроны паляцелі ў бок Расеі і Беларусі.

Улады актывізавалі эвакуацыю грамадзян з Харкаўшчыны

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў пра эвакуацыю з купянскага і бораўскага кірункаў, дзе актывізаваліся абстрэлы і штурмы расейцаў. Эвакуавалі 89 грамадзян, у тым ліку чатырох дзяцей.

Паводле яго, расейскія войскі пяць разоў спрабавалі прарваць абарону паблізу Ваўчанску і шэсьць разоў — на купянскім напрамку. Адначасова расейцы павялічылі выкарыстаньне дронаў. У сямі раёнах Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў пацярпелі 5 чалавек, трох зь іх шпіталізавалі.

У Адэсе параненыя чатыры чалавекі

У Адэсе з раненьнямі шпіталізавалі 91-гадовага мужчыну, які пацярпеў ад расейскага абстрэлу. Яшчэ тром пацярпелым аказалі дапамогу на месцы.

Паводле кіраўніка абласной адміністрацыі Алега Кіпера, у выніку падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў і ракеты пашкоджаньні атрымалі чатыры шматпавярховікі і пяць прыватных будынкаў, 10 легкавых аўтамабіляў згарэлі.

У Кіеўскай вобласьці пацярпеў музэй рэтра-аўтамабіляў

У Кіеўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі тры раёны. На іх тэрыторыі пашкоджаныя 2 прыватныя будынкі, тры нежылыя памяшканьні і тры аўтамабілі.

Як паведамілі ў абласной адміністрацыі, пад Кіевам пацярпеў музэй рэтра-аўтамабіляў. У выніку падзеньня аскепкаў бесьпілётніка пачаўся пажар на 600 квадратных мэтрах. Агонь зьнішчыў 9 аўтамабіляў, яшчэ 27 атрымалі пашкоджаньні.

Адзін з гарадоў у Чаркаскай вобласьці застаўся безь сьвятла

У Чаркаскай вобласьці сілы супрацьпаветранай абароны працавалі ўсю ноч. Горад Умань застаўся без электрычнасьці.

Абласныя ўлады паведамілі, што ніхто не пацярпеў, а апэратыўныя службы працуюць, каб хутчэй стабілізаваць сытуацыю ў камунальнай сфэры.

Расейскія войскі штодзень атакуюць рэгіёны Ўкраіны з розных відаў узбраеньня. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што мэтанакіравана наносіць удары па цывільных аб’ектах, забіваючы мірных людзей і зьнішчаючы школы, дзіцячыя садкі, лякарні, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя дзеяньні Расеі як ваенныя злачынствы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG