За месяц колькасьць ліквідаваных у Беларусі грамадзкіх арганізацый павялічылася на 35

Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

З 2020 году як мінімум 1838 беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, устаноў, асацыяцый ці фондаў было ліквідавана ці знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

Гэтая лічба па стане на пачатак лістапада 2024 году на 35 арганізацый большая, чым была месяц таму.

Паводле інфармацыі аб’яднаньня Lawtrend, якое зьбірае гэтую статыстыку, на канец кастрычніка 2024 году сама меней 1161 арганізацыя знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, а 677 прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі.

Апрача няўрадавых арганізацый, у Беларусі зьліквідавалі ўсе апазыцыйныя партыі і незалежныя прафсаюзы, а многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах і за мяжой у вымушанай эміграцыі.

У тым ліку пад закрыцьцё падпалі арганізацыі нацыянальных меншасьцяў. У 2024 годзе ў Беларусі спынілі дзейнасьць альбо пачалі працэс ліквідацыі Беларускага грамадзкага аб’яднаньня татараў «Зікр уль-Кітаб», Рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі беларуска-туркмэнскай дружбы «Достлук», грамадзкага аб’яднаньня «Грузінскае культурна-асьветніцкае таварыства „Мамулі“».

Раней улады зьліквідавалі арганізацыі армянскіх, літоўскіх, сырыйскіх і іншых этнічных грамадаў.

​
XS
SM
MD
LG