Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрамі шасьці краін Паўночнай рады

Сьвятлана Ціханоўская з прэм'ер-міністрамі Паўночнай рады ў Рэйк'явіку.
Сьвятлана Ціханоўская з прэм'ер-міністрамі Паўночнай рады ў Рэйк'явіку.

Святлана Ціханоўская сустрэлася прэм’ер-міністрамі Нарвэгіі, Фінляндыі, Швэцыі, Ісьляндыі, Даніі і Фарэрскіх астравоў, якія ўваходзяць у Паўночную Раду, а таксама з прэзыдэнткай Ісьляндыі.

Беларуская дэмакратычная лідэрка падзякавала ім за ўвагу і падтрымку дэмакратычнай Беларусі як з боку іх краін, так і з боку ўсёй Паўночнай Рады.

У асобнай размове з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Юнасам Стэрэ Ціханоўская выказала падзяку за вялікі ўклад палітыка ў стварэньне Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі. Таксама яна папрасіла прэм’ер-міністра падтрымліваць палітвязьняў, у прыватнасьці Алеся Бяляцкага, у выступах і на сустрэчах і прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні для таго, каб ён і іншыя палітвязьні выйшлі з турмы як мага хутчэй.

У размове з прэм’ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам Сьвятлана Ціханоўская падзякавала яго краіне за прызначэньне спэцпрадстаўніком Крысьціны Ёганэсан і за пастаяннае трыманьне Беларусі ў парадку дня падчас швэдзкага прэзыдэнцтва ў Паўночнай Радзе. Таксама яна папрасіла падтрымаць беларускае пытаньне ў Эўрапейскай Радзе і заклікала Швэцыю актыўна падтрымаць новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека — так званы human rights package.

На сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Даніі Мэтэ Фрыдэрэксэн Ціханоўская падзякавала за ўнясеньне 700 тысяч эўра ў Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі, пра які было абвешчана сёньня, 29 кастрычніка, і ў цэлым за падтрымку дэмакратычнай Беларусі.

  • 29 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская пачала працоўны візыт у Ісьляндыю, асноўная мэта якога — удзел у 76-й сэсіі Паўночнай Рады. У арганізацыю ўваходзяць Данія, Фінляндыя, Ісьляндыя, Нарвэгія і Швэцыя, а таксама Грэнляндыя, Фарэрскія і Аляндзкія астравы. Галоўная задача Паўночнай Рады — садзейнічаць палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж паўночнымі краінамі і іх парлямэнтамі. Сьвятлана Ціханоўская ўпершыню бярэ ўдзел у паседжаньні Паўночнай Рады ў такім фармаце.
  • Раней «Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі» падтрымалі Нарвэгія і Швэцыя. За гэты год у падтрымку фонду ўжо ўдалося сабраць больш за 2 мільёны эўра. Акрамя гэтага, асобныя праграмы у падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі мае Эўракамісія, а таксама ўрад Нямеччыны, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.

​
XS
SM
MD
LG