Расейскія войскі ў ноч на 26 верасьня атакавалі дронамі і ракетамі 14 абласьцей Украіны — адзін чалавек загінуў і сама меней 8 атрымалі раненьні.
Расейцы выпусьцілі амаль 80 дронаў і шэсьць ракет
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея зь Белгарадзкай вобласьці атакавала Сумскую вобласьць дзьвюма ракетамі, тып якіх пакуль ня высьветлілі, і чатырма авіяцыйнымі ракетамі з акваторыі Чорнага мора — Адэскую вобласьць. На Адэшчыне загінула 62-гадовая жанчына.
Апроч таго, расейцы выпусьцілі 78 ударных дронаў, зь якіх 66 зьбілі ўкраінскія сродкі супрацьпаветранай абароны.
Дроны зьбівалі над Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай, Віньніцкай, Хмяльніцкай, Івана-Франкоўскай, Сумскай, Палтаўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцямі.
У Беларусь заляталі прыблізна 4 расейскія дроны
Telegram-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў мінулую ноч у Беларусь заляцелі ня менш за 4 расейскія дроны.
Згодна з паведамленьнем, адзін зь іх перасек мяжу Беларусі ў раёне Любеч (Чарнігаўская вобласьць) у 00:13 і праз 30 хвілін вярнуўся ва Ўкраіну.
Яшчэ тры бесьпілётнікі перамяшчаліся на тэрыторыю Беларусі ў 02:29, 03:05 і 03:52. Адзін дрон нібыта перамяшчаўся ў кірунку Гомля, але што зь ім адбылося пазьней, невядома.
«Беларускі Гаюн» таксама паведаміў, што цягам ночы ў паветры над паўднёвым усходам Беларусі дзяжурылі два зьнішчальнікі, якія падымаліся з аэрадрому ў Баранавічах.
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамлялі, што ў некалькіх украінскіх рэгёінах згубілі сыгналы некалькі расейскіх дронаў.
«Восем варожых бесьпілётнікаў лякацыйна згубілі ў некалькіх рэгіёнах Украіны (інфармацыі пра пацярпелых ці разбурэньні не атрымлівалі). Адзін вярнуўся ў Расею, яшчэ адзін застаецца ў паветранай прасторы Ўкраіны, ідзе баявая работа», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Пад прыцэлам — крытычная энэргетычная інфраструктура і жылыя раёны
У Кіеве аскепкі бесьпілётнікаў упалі на тэрыторыю дзіцячага садка і пашкодзілі 20 аўтамабіляў, у адным з жылых дамоў пашкоджаны газаправод. Аб пацярпелых не паведамляюць.
У Запарожжы 8 чалавек, у тым ліку непаўналетні хлопчык, атрымалі раненьні, зруйнаваныя 11 прыватных будынкаў і адзін трохпавярховік, зь якога эвакуавалі 18 жыхароў.
У Адэскай вобласьці загінула 62-гадовая жанчына, пашкоджаны будынкі і аўтамабілі.
У Мікалаеўскай вобласьці расейцы атакавалі энэргетычную інфраструктуру, частка спажыўцоў засталіся без электраэнэргіі.
У Івана-Франкоўску ўдары накіравалі на цывільную і крытычную інфраструктуру. У выніку цэнтар гораду застаўся без энэргазабесьпячэньня.
На лінях фронту адбылося амаль 5 тысяч абстрэлаў
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны на лініях фронту адбылося 189 баявых сутыкненьняў, якія суправаджаліся абстрэламі з артылерыі і баявой авіяцыі. Па ўкраінскіх пазыцыях расейцы нанесьлі больш за 4600 удараў.
На пакроўскім кірунку ўкраінцы спынілі 54 штурмы і наступы. Амаль палова зь іх адбылася пад Сялідавым. Расейцы адначасова абстрэльвалі гэты горад кіраванымі авіябомбамі.
Яшчэ восем штурмаў адбылося недалёка ад Вуглядару і Вадзянога.
У Расеі ўкраінскія дроны зьбівалі над трыма рэгіёнамі
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што Ўкраіна атакавала дронамі тры вобласьці — Белгарадзкую, Курскую і Бранскую.
Найбольш (7) бесьпілётнікаў зьбілі над Белгарадзкай вобласьцю, два — над Бранскай і адзін — над Курскай.
У той жа час губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў удакладніў, што расейскія сілы СПА зьбілі над Белгарадзкім раёнам 8 з 10 дронаў і над Шабекінскай гарадзкой акругай — 5 з 8. Паводле кіраўніка рэгіёну, адзін чалавек зьвярнуўся з траўмай, ёсьць разбурэньні ў прыватным сэктары, пашкоджаныя аўтамабілі, лінія электраперадач і крама.
Улады Курскай вобласьці не паведамілі аб наступствах падзеньня бесьпілётнікаў ці іхных аскепкаў, у Бранскай — без разбурэньняў і пацярпелых.
Ва ўмовах вайны незалежна пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю немагчыма.
Расея ад пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну прыцэльна наносіць удары па жылых кварталах, аб’ектах сацыяльнай і энэргетычнай інфраструктуры. Кіраўніцтва Расеі гэта зьняпраўджвае.
Улады Ўкраіны і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі, якія маюць мэтанакіраваны характар.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум