Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы наступаюць адразу на двух кірунках Данеччыны, Вуглядар пад пагрозай атачэньня

Вуглядар Данецкай вобласьці ў верасьні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Вуглядар Данецкай вобласьці ў верасьні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Летась у студзені ў адным з баёў у Вуглядары загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў.

Украінскія войскі адступаюць. Экспэрты мяркуюць, што захоп Вуглядару ня створыць для расейцаў апэратыўных пераваг для далейшага наступу.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб складанай сытуацыі на лініі фронту. Расейцы выкарыстоўваюць сваю перавагу ў жывой сілы і тэхніцы і бесьперапынна атакуюць украінскія пазыцыі. За апошнія 24 гадзіны зафіксавалі 154 баявыя сутыкненьні.

Расейцы наступаюць адразу на Пакроўск і Вуглядар

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, на пакроўскім кірунку ўдалося спыніць 25 штурмаў і наступаў расейцаў. У раёнах Вуглядару, Кацярынаўкі, Вадзянога і Паўлаўкі расейцы штурмавалі ўкраінскія пазыцыі восем разоў пры дапамозе баявой авіяцыі.

Вакол Вуглядару сытуацыя крытычная і працягвае ўскладняцца. Аналітыкі DeepStateUA сьцвярджаюць, што расейцы ператвараюць Вуглядар у руіны, абстрэльваючы яго з артылерыі і авіяцыі. Паводле іх, расейцы намагаюцца ўзяць горад у атачэньне.

Вуглядар два гады запар абараняе 72-я брыгада Ўзброеных сіл Украіны. У студзені і лютым 2023 году гэты падразьдзел, нягледзячы на перавагу ў сілах расейцаў, змог іх спыніць.

«Але нават нашмат лепш аснашчаная брыгада ня можа трымаць абарону вечна, а два гады — гэта вялікі тэрмін для вядзеньня баявых дзеяньняў без адпачынку», — напісаў аналітык Forbes Дэвід Акс. Паводле яго, расейская армія працягвае прасоўвацца на поўнач ад гораду.

Інстытут вывучэньня вайны: расейская армія не атрымае пераваг нават пасьля захопу Вуглядару

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) паведамілі, што расейскія войскі ўжо кантралююць большасьць асноўных дарог, якія вядуць да Вуглядару.

«Але магчымы захоп Расеяй Вуглядару наўрад ці істотна зьменіць ход наступальных апэрацыяў на захадзе Данецкай вобласьці і [...] не абавязкова дасьць расейскім сілам выгадную пазыцыю для пачатку наступальных апэрацый у іншых месцах на захадзе Данецкай вобласьці. Вуглядар знаходзіцца за 23 кілямэтры на поўдзень ад шашы Н-15, якая вядзе з Данецку ў памежную зону з Запароскай вобласьцю, але тэрыторыя паміж Вуглядарам і шашой у асноўным складаецца з адкрытых палёў, якія запатрабавалі б ад расейцаў правядзеньня пасьпяховых мэханізаваных штурмаў», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 24 верасьня.

Экспэрты мяркуюць, што хуткасьць захопу расейцамі ўсяго горада «будзе часткова залежаць ад рашэньня Ўкраіны».

«Калі ўкраінскае камандаваньне вырашыць, што рызыка расейскага атачэньня Вуглядару або рэсурсы для абароны ў гарадзкіх баях занадта вялікія, украінскія сілы могуць адысьці, што дазволіць расейскім сілам захапіць яго параўнальна хутка і без уступленьня ў блізкія баі. Аднак калі ўкраінскія сілы вырашаць абараняць Вуглядар і змогуць перашкодзіць расейскім намаганьням яго атачыць, расейскім сілам можа быць цяжка змагацца за горад, які ўкраінскія сілы ўмацоўвалі больш за два гады. Калі расейцы ня возьмуць горад адносна хутка, на іхныя манэўры ўздоўж флянгаў Вуглядару таксама можа паўплываць пачатак восеньскіх дажджоў, што значна ўскладніць прасоўваньне па пераважна сельскай і сельскагаспадарчай мясцовасьці вакол горада», — патлумачылі аналітыкі ISW.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG