Bloomberg: Пуціна не арыштуюць па ордэры Міжнароднага крымінальнага суду падчас візыту ў Манголію

Архіўнае ілюстрацыйнае фота.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Манголія запэўніла прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што яго не затрымаюць пасьля прыбыцьця ў краіну па ордэры Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе.

Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на дзьве крыніцы, блізкія да Крамля.

Пуцін мае наведаць Манголію 3 верасьня, каб узяць удзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 85-годзьдзю сумеснай перамогі савецкіх і мангольскіх войскаў над японскімі ўзброенымі сіламі на рацэ Халхін-Гол. Яго запрасіў прэзыдэнт краіны Ухнаагійн Хурэлсух. Гэта яго першая паездка ў краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, з сакавіка 2023 году — моманту выдачы ордэру на арышт Пуціна.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у адказ на пытаньне журналістаў, ці ёсьць у Крамля перажываньні наконт будучай паездкі прэзыдэнта, сказаў: «Не, няма перажываньняў».

Манголія падпісала Рымскі статут у 2000 годзе, а ратыфікавала яго ў 2002-м. Фармальна краіны — члены МКС абавязаныя выканаць ордэр і затрымаць Пуціна. Аднак, як адзначыў кіраўнік юрыдычнага аддзелу ФБК Вячаслаў Гімадзі, на практыцы гэтыя абавязаньні не заўсёды працуюць.

«Дэ-факта рызыка затрыманьня залежыць не ад падпісаньня якіх-небудзь дакумэнтаў, а ад палітычных інтарэсаў дзяржаў, наяўнасьці або адсутнасьці палітычнай волі і рэсурсаў затрымліваць», — растлумачыў Гімадзі ў размове з тэлеграм-каналам «Сирена».

  • Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна, а таксама дзіцячага амбудсмэна Расеі Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
  • За ўсю гісторыю існаваньня МКС гэта трэці выпадак выдачы ордэра на дзейнага кіраўніка дзяржавы. Да гэтага яго выдавалі на прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра ў 2008 годзе і на лібійскага лідэра Муамара Кадафі ў 2011 годзе.
  • Пасьля выдачы ордэра Пуцін не наведваў краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут. Гэтак, у ліпені 2023 году ён адмовіўся ад візыту на саміт BRICS у Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, якая зьяўляецца членам Міжнароднага крымінальнага суду.

​
XS
SM
MD
LG