Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі спынілі справу супраць пецярбурскага музэю за графіці «Жыве Беларусь» пад карцінай мастака

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сярэдзіне ліпеня на музэй сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Пецярбургу склалі пратакол аб «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі» за графіці «Жыве Беларусь!» пад карцінай беларускага мастака «Фэстываль».

Раённы суд Санкт-Пецярбургу спыніў вядзеньне справы ў дачыненьні да музэю «Эрарта» з прычыны заканчэньня тэрміну даўнасьці прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці, паведамілі РБК у аб'яднанай прэс-службе судоў гораду.

Пратакол аб «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі» ў дачыненьні да музэю сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Пецярбургу склалі ў сярэдзіне ліпеня. Падставай стала графіці «Жыве Беларусь!» пад карцінай беларускага мастака «Фэстываль».

На карціне былі намаляваныя людзі, якія танцуюць у народных строях на сцэне, перад якой стаяць падобныя да целаахоўнікаў мужчыны ў чорным адзеньні. Як мяркуецца, надпіс — частка экспазыцыі.

Паліцэйскія экспэрты вырашылі, што лёзунг «Жыве Беларусь» быў сымбалем 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД (службы бясьпекі райхсфюрэра СС) і 30-й грэнадэрскай (пяхотнай) дывізіі Вафэн-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаньнем.

Музэю пагражаў штраф да 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 1800 беларускіх).

  • Аўтарам лёзунгу «Жыве Беларусь» лічыцца клясык беларускай літаратуры Янка Купала. Гэтыя словы прысутнічаюць у адным зь ягоных вершаў, напісаным у 1907 годзе. Яшчэ да Першай сусьветнай вайны лёзунг займеў папулярнасьць у асяродзьдзі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
  • Падчас Другой сусьветнай вайны лёзунг «Жыве Беларусь» выкарыстоўвалі ня толькі калябарацыяністы, але і атрады савецкіх партызан і падпольны друк. Нават у савецкія часы выкарыстоўвалася яго трансфармаваная форма — «Няхай жыве Савецкая Беларусь».
  • Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі лёзунг перасталі выкарыстоўваць дзяржаўныя ўстановы, тым часам ён набыў папулярнасьць сярод прыхільнікаў беларускай апазыцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG