Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу музэй абвінавацілі ў «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі» за надпіс «Жыве Беларусь»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Санкт-Пецярбургу ў дачыненьні да музэю сучаснага мастацтва «Эрарта» склалі пратакол аб «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі». Пра гэта паведаміла кіраўніца прэс-службы судоў гораду Дар’я Лебедзева, заўважыў праект Радыё Свабода «Север.Реалии».

Падставай для пратаколу стаў надпіс «Жыве Беларусь» пад карцінай беларускага мастака «Фэстываль». На карціне намаляваныя людзі, якія танцуюць у народных строях на сцэне, перад якой стаяць падобныя да целаахоўнікаў мужчыны ў чорным адзеньні. Як мяркуецца, надпіс — гэта частка экспазыцыі.

Паліцэйскія экспэрты вырашылі, што лёзунг «Жыве Беларусь» быў сымбалем 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД (службы бясьпекі райхсфюрэра СС) і 30-й грэнадэрскай (пяхотнай) дывізіі Вафэн-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаньнем.

Музэю пагражае штраф да 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 1800 беларускіх), карціну таксама могуць канфіскаваць.

  • Аўтарам лёзунгу «Жыве Беларусь» лічыцца клясык беларускай літаратуры Янка Купала. Гэтыя словы прысутнічаюць у адным зь ягоных вершаў, напісаным у 1907 годзе. Яшчэ да Першай сусьветнай вайны лёзунг займеў папулярнасьць у асяродзьдзі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
  • Падчас Другой сусьветнай вайны лёзунг «Жыве Беларусь» выкарыстоўвалі ня толькі калябарацыяністы, але і атрады савецкіх партызан і падпольны друк. Нават у савецкія часы выкарыстоўвалася яго трансфармаваная форма — «Няхай жыве Савецкая Беларусь».
  • Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі лёзунг перасталі выкарыстоўваць дзяржаўныя ўстановы, тым часам ён набыў папулярнасьць сярод прыхільнікаў беларускай апазыцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG