Пры тушэньні пажару на нафтабазе ў Пралетарску Растоўскай вобласьці Расеі, які пачаўся раніцай 18 жніўня пасьля атакі ўкраінскага дрона, пацярпеў 41 супрацоўнік МНС, паведаміў губэрнатар Растоўскай вобласьці Васілій Голубеў. Патушыць пажар пакуль не атрымліваецца.
Паводле яго, 18 з 41 пацярпелых пажарных шпіталізавалі, пяцёра зь іх цяпер знаходзяцца ў рэанімацыі.
Пажар працягваецца ўжо другі дзень, патушыць яго пакуль не атрымліваецца. У Пралетарскім раёне аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі.
«Пакуль нічога не зьмянілася. [Зьменшыць плошчу пажару] пакуль не ўдаецца», — заявіў 161.ru кіраўнік адміністрацыі раёну Валерый Горыч.
Расейская служба Радыё Свабода ўвечары 19 жніўня апублікавала новы спадарожнікавы здымак пажару на нафтабазе ў Пралетарску, зроблены ў 14:23 паводле мясцовага часу. Здымак сьведчыць пра тое, што агонь працягвае распаўсюджвацца па тэрыторыі базы, ахопліваючы ўсё новыя цыстэрны з палівам — падпаленых цыстэрнаў на здымку ўжо ня менш за 10.
Тэлеграм-канал «База» сьцьвярджае, што на паліўнай базе выгарала ўжо 11 рэзэрвуараў з палівам.
Раніцай 19 жніўня тэрыторыю прамзоны пад Растовам-на-Доне двойчы атакавалі ўкраінскія дроны, у выніку чаго і ўзьнік пажар на нафтабазе ў Пралетарску. Першыя паведамленьні пра пажар зьявіліся а палове на 6-ю раніцы 18 жніўня. Улады рэгіёну заявілі, што пажар выклікалі абломкі зьбітага бесьпілётніка.
Пазьней ужо падпаленую нафтабазу яшчэ раз атакавалі дроны, ад чаго тушэньне пажару давялося прыпыніць.
Раней улады Растоўскай вобласьці казалі, што падчас пажару ніхто не пацярпеў.
Генштаб Узброеных сіл Украіны сьцьвярджае, што атаку дронаў на нафтабазу ў Пралятарску арганізавала ГУР Мінабароны Украіны ва ўзаемадзеяньні з УСУ.
Гэта ўжо другі напад на падобныя аб’екты ў Пралетарску за апошнія некалькі месяцаў. 15 траўня Голубеў паведаміў, што два дроны атакавалі нафтабазу ў Пралетарскім раёне і выклікалі два выбухі, якія, паводле яго, не прывялі да ўзгараньня паліва.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Сярод іншага, дроны атакуююць расейскія нафтабазы. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх атак і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. У выніку атак нярэдка ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтых паведамленьняў не камэнтуе.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум