Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) пакуль не змаглі ідэнтыфікаваць прыналежнасьць разьбітай у Курскай вобласьці Расеі вайсковай тэхнікі.
«Геаграфічныя відэазапісы, апублікаваныя 6 жніўня, паказваюць пашкоджаныя і кінутыя бронемашыны прыкладна за сем кілямэтраў на поўнач ад дзяржаўнай мяжы на захад ад Любімаўкі ў Курскай вобласьці. Расейскія крыніцы сьцьвярджаюць, што на кадрах украінская тэхніка, але ISW ня можа пацьвердзіць, ці гэтыя бронемашыны расейскія, украінскія ці і тыя, і другія», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 6 жніўня.
Экспэрты зьвярнулі ўвагу на тое, што аб спробе прарыву мяжы ўкраінскімі войскамі паведамлялі толькі Міністэрства абароны Расеі і расейскія вайсковыя блогеры: яны пісалі пра зьнішчэньне нібыта 16 адзінак украінскай бранятэхнікі і ўдар расейцаў па пазыцыях Украіны ў Сумскай вобласьці.
«Расейскія вайсковыя блогеры апублікавалі кадры з наступствамі нібыта меркаваных украінскіх рэйдаў, хоць большая частка пашкоджаньняў на кадрах падобная на вынікі звычайнага ўкраінскага абстрэлу і ня сьведчыць аб наземнай актыўнасьці ў гэтым раёне. Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў і некалькі расейскіх блогераў папярэдзілі, што баі працягваюцца ў памежных раёнах Суджанскага і Коранеўскага раёнаў Курскай вобласьці, насуперак паведамленьням расейскіх Міністэрства абароны і ФСБ», — адзначылі экспэрты.
Пры гэтым яны нагадалі, што пераважная частка расейскіх вайсковых блогераў зьняпраўджвала меркаваныя украінскія рэйды ў Курскую вобласьць, а ўкраінскія афіцыйныя асобы пакуль не камэнтуюць гэтых падзеяў.
Расейскія крыніцы сьцьвярджалі, што ў рэйдах удзельнічалі ўкраінскія вайскоўцы і вайскоўцы Расейскага добраахвотніцкага корпусу (РДК), які ваююе на баку Ўкраіны, аднак Інстытут вывучэньня вайны не знайшоў пацьверджаньня гэтаму.
Украінскія telegram-каналы сза спасылкай на крыніцы ў Галоўным упраўленьні вайсковай выведкі Ўкраіны паведамлялі, што сілы РДК «дакладна ня ўдзельнічалі» ў рэйдах. Прадстаўнікі легіёну «Свабода Расеі», які ваюе на баку Ўкраіны і ў сакавіку ўдзельнічаў у рэйдах у Белгарадзкую вобласьць, таксама адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.
«Некалькі расейскіх вайсковых блогераў папярэдзілі, што неўзабаве могуць адбыцца дадатковыя рэйды і што ўкраінскія войскі, магчыма, паспрабуюць адцягнуць расейскую жывую сілу і тэхніку зь іншых кірункаў, у тым ліку з поўначы Харкаўскай вобласьці», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Што папярэднічала
Раніцай кіраўнік Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў заявіў аб спробе прарыву ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Суджанскага і Коранеўскага раёнаў рэгіёну.
«Байцы памежнай службы ФСБ Расеі і Ўзброеных сілаў РФ не дапусьцілі прарыву мяжы», — паведаміў Аляксей Сьмірноў у сваім telegram-канале.
Курскі губэрнатар таксама заклікаў расейцаў давяраць толькі афіцыйным каналам інфармацыі і не рэагаваць на «інфармацыйныя ўкіды».
Міністэрства абароны Расеі толькі ўвечары 6 жніўня паведаміла аб «чарговай спробе праціўніка прарвацца на тэрыторыю Курскай вобласьці».
«Артылерыяй, ударамі армейскай авіяцыі і БПЛА праціўніку наносіцца агнявы ўдар», — адзначалася ў паведамленьні.
Некаторыя telegram-каналы ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што Расея нібыта плянавала наступ на Сумскую вобласьць паводле той жа схемы, што і ў Харкаўскай вобласьці, і наступам на расейскую тэрыторыю ўкраінская армія спрабавала адцягнуць сілы з сумскага кірунку.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум