Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расеі сынхронна апублікавалі першы супольны даклад «Аб сытуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах».
У даклад уключылі 43 краіны, у тым ліку дзяржавы, якія ўваходзяць у склад Эўразьвязу, ЗША, Аўстралію, Канаду, Вялікую Брытанію, а таксама Ўкраіну і Малдову, якія прэтэндуюць на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз.
У пералік парушэньняў правоў чалавека, напрыклад, у суседняй зь Беларусьсю Літве ўключылі «дэградацыю эканомікі» ў выніку санкцый супраць Расеі і Беларусі, пазбаўленьне дазволаў на жыхарства грамадзян Расеі, а таксама ўвядзеньне адмысловых анкет пры выдачы расейцам і беларусам дазволаў на пражываньне ў Літве.
Сярод іншага ў дакладзе фігуруе забарона на распаўсюд інфармацыі пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю» Расеі супраць Украіны (так улады ў Маскве называюць сваю вайну ва Ўкраіне), што нібыта абмяжоўвае магчымасьць падтрымкі мясцовага насельніцтва дзеяньняў Расеі, а таксама перасьлед грамадзян Літвы за працу на спэцслужбы Расеі. Вядзецца пра распаўсюд прарасейскіх наратываў аб вайне Расеі пры падтрымцы Беларусі супраць Украіны.
Асобна адзначаюцца дзеяньні ўладаў Літвы, накіраваныя на барацьбу зь незаконнай міграцыяй на мяжы зь Беларусьсю, а таксама нібыта на «абельваньне нацызму».
Аналягічныя «парушэньні» і праяўленьні русафобіі нібыта выявілі ў Латвіі і Эстоніі.
У Аўстраліі аўтары дакладу адзначылі ўшчамленьне правоў прадстаўнікоў карэннага насельніцтва, неабгрунтаванае выкарыстаньне паліцыянтамі зброі. Апроч таго, Расея і Беларусь заяўляюць пра расізм і антысэмітызм у грамадзтве краіны і ўвядзеньне жорсткай міграцыйнай палітыкі і дыскрымінацыі грамадзян Расеі, якія жывуць у Аўстраліі.
У дакладзе пераважаюць абвінавачаньні практычна ўсіх краін у апраўданьні нацызму і зьяўленьні новых ультранацыяналістычных арганізацый, а таксама ў гандлі людзьмі. Апроч таго, аўтары дакладу заяўляюць аб праблемах са свабодай слова і выказваньняў праз блякаваньне расейскіх СМІ.
Апісваючы сытуацыю ў Малдове, аўтары дакладу заявілі, што «безальтэрнатыўны праэўрапейскі курс малдаўскага кіраўніцтва» нібыта накіраваны на «поўны разрыў гістарычных і культурных сувязяў з Расеяй» і на насаджэньне «румынізацыі». Пры гэтым так званы «калектыўны Захад» (тэрмін, які ўжываюць у Маскве і Менску адносна краін Эўразьвязу і ЗША) нібыта працягвае спробы па ўцягваньні Малдовы ў «кааліцыю заўзятых русафобаў». У дакладзе падрабязна апісваюцца дзеяньні ўладаў Малдовы, нібыта накіраваныя на «перапісваньне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», а таксама забарона камуністычнай сымболікі і сымболіку вайны Расеі супраць Украіны.
У ЗША аўтары дакладу заўважылі «нявырашаныя праблемы з расізмам, ушчамленьне сацыяльных і эканамічных правоў, у сфэры міграцыйнага заканадаўства і паліцэйскага гвалту». Аўтары таксама пералічваюць грамадзян Расеі, якіх перасьледавалі ў ЗША, у тым ліку тых, якія абвінавачваліся ў гандлі зброяй.
Аўтары дакладу адзначаюць парушэньні правоў чалавека ва Ўкраіне, бяздоказна заяўляюць пра стварэньне там «аўтарытарнай сыстэмы праўленьня», манаполію на ўладу, цэнзуру, зьнішчэньне палітычнай апазыцыі, актыўны пошук здраднікаў, расейскіх шпіёнаў і дывэрсантаў.
Такімі дакладамі ўлады Расеі і Беларусі фактычна адказваюць на жорсткую крытыку з боку ААН, АБСЭ, Рады Эўропы, Эўразьвязу, ЗША на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і Расеі, масавыя рэпрэсіі, арышты, сьмерці апазыцыянэраў у турмах, разьвязаную Расеяй вайну супраць Украіны, якая ўжо прывяла да тысяч ахавяр і разбурэньняў цэлых гарадоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум