Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН можа расцаніць рэпрэсіі ў Беларусі як злачынства супраць чалавечнасьці


Ахвяры турмы на Акрэсьціна ў Менску.
Ахвяры турмы на Акрэсьціна ў Менску.

Рада правоў чалавека ААН 15 сакавіка 2024 года апублікавала даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і пасьля іх.

У папярэдняй неадрэдагаванай вэрсіі гаворыцца аб наяўных падставах расцэньваць перасьлед у Беларусі як злачынства супраць чалавечнасьці, піша reform. by

У дакладзе разглядаюцца меркаваныя парушэньні правоў чалавека, інфармацыю аб якіх Рада зьбірала, абагульняла, захоўвала і аналізавала. Таксама ў ім зробленыя высновы ў адпаведнасьці з прымяняльнай міжнародна-прававой базай і прапанаваныя рэкамэндацыі ўраду і міжнароднай супольнасьці.

У дакладзе гаворыцца аб закрыцьці НКА, зьменах заканадаўства, палітвязьнях і ўмовах іх зьняволення, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, рэпрэсіях супраць СМІ, пазбаўленьні ліцэнзій адвакатаў, пашырэньні «экстрэмісцкіх» сьпісаў, ператрусах, адвольных арыштах, катаваньнях, сьмерцях падчас пратэстаў і ў заключэньні, вымушанай эміграцыі.

«Органы правапарадку, пачынаючы з 2020 году і працягваючы ў 2023 годзе, прымянялі неапраўданую і неадпаведную сілу па ўсёй Беларусі. Гэтая практыка зьдзяйсьнялася бяспакарна, з ухвалы і пры падтрымцы найвышэйшага кіраўніцтва, і прывяла да сур’ёзных траўмаў у дзясятках выпадкаў і нават адвольнаму пазбаўленьню жыцьця. Беларускія ўлады не правялі расьсьледаваньні ні таго, ні другога і не падалі кампэнсацыю», — пішуць аўтары.

Паводле ацэнкі Рады, з 1 траўня 2020 году больш за 5 500 чалавек, у тым ліку ня менш як 55 дзяцей, былі асуджаныя ў крымінальным парадку паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў. З 657 апытаных з 2020 году, 29% заявілі аб катаваньнях і 61% — аб жорсткім абыходжаньні.

Некаторыя ахвяры атрымалі доўгатэрміновыя траўмы, якія нават зьмянілі іх жыцьцё. Яны ўключалі ў сябе анэўрызму, страту слыху, абмежаваньне рухомасьці ў плечавых, тазасьцегнавых і каленных суставах, пералом касьцей рук, ног, носа і пазваночніка, а таксама пашкоджаньне нэрваў. наступствы для здароўя, як высокі ціск, хранічныя захворваньні нырак, дэпрэсія, посттраўматычныя стрэсавыя разлады, панічныя атакі і праблемы са сном. Большасьць апытаных ахвяр — мужчыны, у тым ліку адзін чалавек з інваліднасьцю.

Рада выявіла, што арыштаваныя падвяргаліся моцнаму ціску і гвалту, у шматлікіх выпадках раўнасільнаму катаваньням, падчас першапачатковага допыту і пошуку «доказаў» у 38 выпадках у 2022 годзе і ў 9 выпадках у 2023 годзе. Гвалт адбываўся пасьля арышту ў міліцэйскіх машынах і/ці падчас допытаў у кабінэтах ГУБАЗіКу ў Менску і міліцэйскіх участках ва ўсіх абласьцях Беларусі.

«У некалькіх выпадках затрыманых прымушалі знаходзіцца ў балючых нязручных позах на працягу доўгага часу, а як мінімум у 2 выпадках супрацоўнікі ГУБАЗіК ледзь не задушылі затрыманых, накладваючы ім на твар маску або пакет. Фізычны гвалт суправаджаўася пагрозамі, прымусам і запалохваньнем, у тым ліку пагрозамі сьмерці, гендэрна-абумоўленага гвалту, у тым ліку сэксуальнага гвалту, нанясеньня шкоды членам сям’і ці/і канфіскацыі дзяцей.

Допыты доўжыліся гадзінамі і праводзіліся без адваката. Рада задакумэнтавала, што большасьць заяўленых катаваньняў адбываліся ў цэнтральным апараце ГУБАЗіКу ў Менску», — гаворыцца ў дакумэнце.

Аўтары дакладу заяўляюць аб падставах меркаваць, што беларускія сілавікі зьдзяйснялі згвалтаваньні і іншыя формы сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, уключаючы сэксуалізаваныя катаваньні і прымус да агаленьня.

«Ва Ўправе вярхоўнага камісару правоў чалавека ААН ёсьць разумныя падставы меркаваць, што было зьдзейсьнена злачынства супраць чалавечнасьці ў форме перасьледу разам з іншымі спадарожнымі дзеяньнямі, якія могуць быць устаноўленыя як сьледзтва апісаных парушэньняў правоў чалавека», — рэзюмуюць аўтары.

  • Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі разгледзяць 19 сакавіка на 55-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ), вынікае з актуальнага праекту парадку дня мерапрыемства.
  • Сэсія праходзіць у Жэнэве 26 лютага — 5 красавіка.
  • Плянуецца, што з дакладам «Становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх» выступіць вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG