Пуцін даў зразумець, што ніякія прапановы аб замірэньні яго пакуль не задавальняюць, — Аляксандар Марозаў

Удзельнікі Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі
Удзельнікі Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі

Палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў камэнтуе вынікі Саміту міру ў Швайцарыі, адзначае, што нават краіны, які ня ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі, будуць вымушаныя прапаноўваць свае варыянты замірэньня, і аналізуе супярэчлівую пазыцыю Кітая.

Сьцісла:

  • Канфэрэнцыя важная з гледзішча пашырэньня глябальнага альянсу падтрымкі Ўкраіны.
  • Калі нейкія краіны не далучыліся да гэтай канфэрэнцыі, то цяпер яны «абавязаныя» прапаноўваць уласныя ініцыятывы.
  • Маштаб удзелу краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі ў гэтым саміце пераўзыходзіць удзел у папярэдніх канфэрэнцыях.
  • Кіеў разумее, што Масква ня будзе ўдзельнічаць у такіх канфэрэнцыях.
  • У Кітаі небеспадстаўна лічаць, што рэальныя перамовы наконт заканчэньня вайны магчымыя толькі пасьля пералому ў вайне.

— Як бы вы ацанілі і прааналізавалі вынікі Саміту міру ў Швайцарыі? Ці стаў ён дыпляматычнай перамогай Кіева, на якую разьлічвала Ўкраіна? Бо гучаць розныя ацэнкі, у тым ліку даволі скептычныя...

— Я гляджу на вынікі канфэрэнцыі дастаткова аптымістычна. Па-першае, гэта падзея працягвае пасьлядоўную дыпляматычную лінію — гэта ўжо пятая канфэрэнцыя з удзелам краінаў так званага «Глябальнага Поўдня». І такое разьвіцьцё вельмі важнае з гледзішча пашырэньня глябальнага альянсу падтрымкі Ўкраіны.

Другі момант — на палях такой канфэрэнцыі, апроч асноўных рашэньняў, адбываецца шмат двухбаковых кантактаў. Прадстаўнікі краінаў кантактуюць, абменьваюцца пэўнымі абяцаньнямі, гарантыямі на будучыню, што таксама вельмі важна.

Тое, што гэты саміт не прывядзе адразу да міру, гэта відавочна. І Пуцін сваёй заявай пра мэты вайны гэта падкрэсьліў. Пуцін даў зразумець, што ніякія прапановы аб замірэньні Крэмль не задавальняюць. Таму ва ўдзельнікаў Саміту міру зьвязаныя рукі, каб прапаноўваць нейкую перамоўную прастору, у якой мог бы паўдзельнічаць і Крэмль.

Удзельнікі Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі. 16 чэрвеня 2024
Удзельнікі Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі. 16 чэрвеня 2024

Гэта даволі істотны момант, бо да канфэрэнцыі некаторыя краіны хацелі выступіць пасярэднікамі ў перамовах, Турэччына напрыклад. Зь цікавасьцю глядзелі на Кітай, на Ватыкан і ягоныя магчымыя дыпляматычныя крокі. Але Пуцін перад канфэрэнцыяй так сфармуляваў мэты вайны, што не засталося магчымасьці для манэўру для тых, хто хацеў бы прывесьці сытуацыю хаця б да часовага замірэньня.

Шэраг краінаў альбо не падпісалі выніковае камюніке, альбо ўвогуле ня ўдзельнічалі ў гэтай канфэрэнцыі, як Кітай. Але ж перад імі ўсё роўна стаіць задача прапанаваць нейкую ініцыятыву. Бо вайна прыносіць шкоду ўсім, аслабляе эканамічныя камунікацыі. І калі вы не далучыліся да гэтай канфэрэнцыі, то прапаноўвайце нейкія свае ініцыятывы. І гэта таксама адзін з вынікаў канфэрэнцыі, ён у тым, што ўсе так ці іначай вымушаныя будуць падключацца.

— Як здаецца, галоўнай задачай Кіева было прадэманстраваць, што Ўкраіну падтрымлівае ня толькі Захад (наконт гэтага няма сумневаў), але і большасьць краінаў сьвету, дзяржавы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Наколькі пасьпяхова гэта ўдалося?

— Маштаб удзелу краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі ў гэтым саміце пераўзыходзіць удзел у папярэдніх канфэрэнцыях. У гэтым сэнсе Кіеў можа быць задаволены вынікамі такога пашырэньня. Удзельнічалі 90 краінаў — гэта больш, чым калі-небудзь.

Кіеў паказаў, што гатовы абмяркоўваць тыя наступствы вайны, якія ўжо назіраюцца — праблемы з харчовай бясьпекай, энэргетычнай бясьпекай, гуманітарныя нормы. Гэта акурат тое, у чым зацікаўленыя краіны «Глябальнага Поўдня». І мне здаецца, што такі падыход стварыў дастаткова спрыяльную атмасфэру для гэтых краінаў, каб удзельнічаць у канфэрэнцыі.

Аляксандар Марозаў. Архіўнае фота
Аляксандар Марозаў. Архіўнае фота

Такім парадкам дня Кіеў стварыў сытуацыю, каб тыя краіны, якія працягваюць камунікацыю з Масквой, мелі магчымасьць са свайго боку выразна казаць Маскве, што зацікаўленыя ў спыненьня агню і аднаўленьні эканамічных камунікацыяў. У прыватнасьці, мы чулі на канфэрэнцыі і пра пытаньні пастаўкі ўгнаеньняў (што вельмі важна для краінаў Афрыкі), і пытаньне энэргетыкі, харчовых паставак.

Тое, што ўжо анансавалі правядзеньне наступнай канфэрэнцыі, якая можа прайсьці нават да лістападаўскіх выбараў у ЗША, — гэта таксама адзін з істотных вынікаў. Бо задача стаіць пашырыць кола пытаньняў, якія закранаюць як мага больш краінаў.

— Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў: «Ідэя ў тым, каб наступны саміт стаў завяршэньнем вайны. І, вядома, нам патрэбен за сталом перамоваў і другі бок. Гэта відавочна, што для завяршэньня вайны патрэбны абодва бакі. Вядома, мы цудоўна разумеем, што прыйдзе момант, калі трэба будзе гаварыць з Расеяй». Ці варта гэта лічыць звычайнай дыпляматычнай рыторыкай, каб «перакінуць мяч» на бок апанэнта, ці Кіеў рэальна верыць, што такое можа адбыцца найбліжэйшым часам?

— Так, я думаю, што заява Кулебы — абавязковая з дыпляматычнага гледзішча для канстатацыі пазыцыяў. Але, безумоўна, Кіеў разумее, што Масква ня будзе ўдзельнічаць у такіх канфэрэнцыях(пра што Пуцін непасрэдна і заявіў). Але заява Кулебы цалкам слушная, бо значная частка ўдзельнікаў канфэрэнцыі адзначала, што дасягненьне міру магчымае толькі пры ўмове ўдзелу Расеі ў перамовах.

Так яно і ёсьць. Мы ня ведаем, як і калі гэта адбудзецца, але відавочна, што дасягненьне міру немагчымае без таго, каб Масква не падпісала нейкіх дакумэнтаў.

— Як бы вы ацанілі пазыцыю Кітая, які праігнараваў канфэрэнцыю? З аднаго боку, Пэкін імкнецца не сварыцца лішні раз з Захадам і баіцца парушаць заходнія санкцыі супраць Расеі, з другога — у некаторых пытаньнях, відавочна, стаіць на баку Масквы. Як усё гэта варта патлумачыць? Чаго дабіваецца Кітай?

— Кітай ня робіць ніякіх актыўных крокаў дзеля завяршэньня гэтай вайны. Пэкін сфармуляваў сваю пазыцыю, ён падкрэсьлівае важнасьць тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны. Пры гэтым Кітай займае, я б сказаў, пазыцыю чаканьня.

Як выглядае, у Кітаі небеспадстаўна лічаць, што рэальныя перамовы наконт заканчэньня вайны магчымыя толькі пасьля нейкага пералому на полі бою. І тады, магчыма, спатрэбяцца пасярэдніцкія намаганьні Кітая.

Але гэта адбудзецца ня сёньня. Бо на сёньня вайна знаходзіцца ў доўгатэрміновым ступары. Кітай імкнецца выконваць санацыйны рэжым, уведзены Захадам супраць Расеі. Але пры гэтым Кітай зьяўляецца важным пастаўшчыком непадсанкцыйных тавараў у Расею і зьбіраецца заставацца ў гэтай пазыцыі.

Кітай стварае балянс паміж сваімі гандлёвымі інтарэсамі ў Расеі з аднаго боку, а з другога — з жаданьнем падтрымліваць надзейныя адносіны з Эўразьвязам і ЗША. Ня так даўно міністар замежных справаў Кітая наведваў краіны Эўразьвязу і падкрэсьліваў, што Кітай зацікаўлены ў эўрапейскім рынку, і таму будзе падтрымліваць рэжым санкцыяў у дачыненьні Расеі.

Я лічу, што няма нічога драматычнага ў тым, што Кітай ня ўдзельнічаў у канфэрэнцыі ў Швайцарыі. Пэкін пакідае сабе магчымасьць для ўласнай ініцыятывы ў дачыненьні да гэтай вайны, і гэтая ініцыятыва, магчыма, спатрэбіцца ў будучыні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

​
XS
SM
MD
LG