На польска-беларускай мяжы, у раёне Дубічаў Царкоўных была пашкоджаная вайсковая машына хуткай дапамогі, паведаміў 15 чэрвеня Генштаб Узброеных сіл Польшчы.
Аўтамабіль быў пашкоджаны цяжкім прадметам, які кінуў невядомы з тэрыторыі Беларусі. На шчасьце, ніхто не пацярпеў, паведамляе ведамства.
У паведамленьні Генштабу Ўзброеных сіл Польшчы адзначаецца, што вайскоўцам, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу, «кожны дзень даводзіцца сутыкацца з агрэсіяй».
Тым часам улады Польшчы заклікалі жыхароў паведамляць пра падазроных асобаў каля мяжы зь Беларусьсю, вынікае з інфармацыі Ўрадавага цэнтру бясьпекі на партале gov.pl.
«Увага: знаходжаньне ў буфэрнай зоне, якая прылягае да мяжы зь Беларусьсю, забароненае. Выконвайце ўказаньні службаў. Будзьце пільныя і паведамляйце пра падазроных асобаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Абвестку з аналягічным зьместам разаслалі абанэнтам мабільнай сувязі, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці ад буфэрнай зоны (частка Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў), паведамляе «Позірк».
МУС Польшчы 15 чэрвеня паведаміла, што інструктары аддзелу па барацьбе зь беспарадкамі паліцыі Падляшша правялі трэніроўку для вайскоўцаў і памежнікаў па «тактыцы дзеяньняў кампактных падразьдзяленьняў». «Падчас вучэньняў таксама абмяркоўваліся патэнцыйныя пагрозы на польска-беларускай мяжы», — адзначыла ведамства.
- Апошнім часам на польска-беларускай мяжы адбылося некалькі інцыдэнтаў, падчас якіх былі параненыя польскія памежнікі і вайскоўцы.
- Так, 28 траўня на беларуска-польскай мяжы адбыліся адразу тры напады на супрацоўнікаў польскай Памежнай службы: дваіх ударылі нажом, яшчэ аднаго — разьбітай бутэлькай. У гэты ж дзень мігрант нажом параніў польскага вайскоўца, 6 чэрвеня ён памёр. 31 траўня яшчэ двое польскіх жаўнераў атрымалі раненьні пры сутыкненьні зь мігрантамі на мяжы зь Беларусьсю. 4 чэрвеня польскі памежнік атрымаў пералом асновы чэрапа.
- Пасьля гэтых інцыдэнтаў Польшча ўвяла 200-мэтровую буфэрную зону на беларускай мяжы. Абмежаваньне ўводзіцца на 90 дзён і ахоплівае ўчастак працягласьцю каля 60,67 км, разьмешчаны ў межах тэрыторыі памежных пастоў у Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чаромсе.
Форум