Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачаньне ў «непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі»


Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

Папярэдні тэрмін зьняволеньня Паліны Шарэнды-Панасюк мусіў скончыцца 21 траўня.

Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачаньне ў «непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі» па 411 артыкуле КК і зьмясьцілі яе ў СІЗА на 2 месяцы. Пра гэта стала вядома мужу зьняволенай актывісткі Андрэю Шарэнду, пасьля таго як з Палінай адбыліся пэўныя дзеяньні ў межах яе крымінальнай справы.

«Цяпер мне дакладна вядома, што яшчэ 19 траўня, перад тым як вывезьці яе з калёніі, туды паклікалі дзяжурнага адваката і ў ягонай прысутнасьці зачыталі новае абвінавачаньне. І вось ужо тыдзень яна ў гомельскім СІЗА», — сказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда. Крыніцу інфармацыі ён не назваў, каб ёй не нашкодзіць.

«Магу толькі дадаць, што ў Паліны цяпер будзе іншы сьледчы. І яшчэ крыху пра тое, як Паліну рыхтавалі да выстаўленьня новага абвінавачаньня. Пачалі „навешваць“ нібыта парушэньні яшчэ ў красавіку, але іх не хапала, таму скарысталіся парушэньнямі зь мінулага году. Цяпер усяго парушэньняў у яе ўжо 8. Відаць, разьлічваюць, што потым, падчас сьледзтва, заменяць старыя парушэньні на „сьвежыя“. Ціск на яе ўжо пачаўся», — расказаў муж палітзьняволенай.

Паліну Шарэнду-Панасюк мусілі вызваліць з калёніі № 24 у пасёлку Зарэчча 21 траўня, калі заканчваўся яе 4-гадовы тэрмін зьняволеньня. Але ў той дзень да людзей, якія сустракалі палітзьняволеную каля калёніі, яна так і ня выйшла. Празь некалькі гадзін супрацоўнік адміністрацыі калёніі паведаміў, што яшчэ 19 траўня Паліну вывезьлі з калёніі «ў іншую папраўчую ўстанову».

Перасьлед Паліны Шарэнды-Панасюк

  • Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадзкая актывістка зь Берасьця, якую затрымалі 3 студзеня 2021 году. Спачатку яе асудзілі на 2 гады зьняволеньня па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 («Гвалт ці пагроза гвалту адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта»).
  • Пазьней яе двойчы асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» яшчэ агулам на 2 гады зьняволеньня.
  • У сакавіку, калі прапагандысты зьнялі сюжэт пра палітзьняволеную, у кадар трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін Шарэнды-Панасюк павінен быў скончыцца 21 траўня.
  • За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк ужо адбыла 3 гады і 5 месяцаў.
  • Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А ў 2023 годзе на актывістку завялі новую крымінальную справу паводле таго ж артыкула і зноў прысудзілі 1 год. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня.
  • Паліна не прызнала віны, у СІЗА і папраўчых калёніях № 4 (Гомель) і № 24 (Рэчыцкі раён), як заявілі яе сваякі і праваабаронцы, яна была пад псыхалягічным ціскам, у калёніі яе білі ахоўнікі. Агулам больш за год яна правяла ў ШЫЗА і ПКТ. Шмат разоў сваякі палітзьняволенай скардзіліся, што да яе не пускалі адваката, а адпраўленыя ёй мэдычныя бандэролі затрымлівалі, а то і зусім не перадавалі.
  • У 2023 годзе на знак пратэсту супраць катаваньняў Паліна Шарэнда-Панасюк заяўляла пра адмову ад беларускага грамадзянства. Але да разгляду гэтай заявы справа не дайшла.
  • Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх дзяцей, якія цяпер жывуць у Вільні разам з бацькам, Андрэем Шарэндам.
  • У сакавіку 2024 году дзяржаўная тэлевізія апублікавала інтэрвію з Палінай, якое яе муж Андрэй Шарэнда назваў «пастановачным».
  • У 2023 годзе Паліна Шарэнда-Панасюк стала першым ляўрэатам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці як асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску за сваю дзейнасьць у прасоўваньні і абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG