Наступствы атакі ўкраінскіх дронаў на Бранскую вобласьць у студзені 2024. Ілюстрацыйнае фота
Дрон праляцеў больш за 1800 кілямэтраў.
У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што ў ноч на 27 траўня ўкраінскі бесьпілётнік пацэліў у загарызонтную радыёлякацыйную станцыю «Воронеж-М» у горадзе Орск Арэнбурскай вобласьці Расеі.
«Украінскі бесьпілётнік пераадолеў адлегласьць у больш як 1800 кілямэтраў да аб’екта праціўніка і ўстанавіў новы рэкорд дыяпазону пацэльваньня для дронаў-камікадзэ», — працытавала агенцтва РБК-Україна сваю крыніцу ў вайсковай выведцы.
Паводле ўкраінскага агенцтва, загарызонтныя радыёлякацыйныя станцыі «Воронеж» прызначаны для выяўленьня касьмічных і аэрадынамічных аб’ектаў, у тым ліку балістычных і крылатых ракет.
Сёлета ў траўні ўкраінскі дрон даляцеў да нафтаперапрацоўчага заводу ў Башкірыі. Перад тым, як нанесьці ўдар, ён праляцеў 1500 кілямэтраў.
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 27 траўня 14 украінскіх бесьпілётнікаў атакавалі Белгарадзкую і Бранскую вобласьці, а таксама Краснадарскі край. Згодна з афіцыйным паведамленьнем, усе дроны зьнішчылі супрацьпаветраныя сілы. Аб наступствах падзеньня не паведамляюць.
У той жа час улады Арлоўскай вобласьці паведамілі аб «масавай атацы» на рэгіён. Два з шасьці бесьпілётнікаў пацэлілі ў паліўна-заправачную станцыю ў градзе Ліўны — пацярпела частка адміністрацыйнага будынку. Загінуў кіроўца пажарнай часткі, пацярпелі яшчэ тры ратавальнікі, якія прыбылі на месца падзеньня дрону для тушэньня пажару.
Улады Белгарадзкай вобласьці паведамілі аб адным параненым і пашкодджаньні аўтамабіляў, а ўлады Арэнбурскай вобласьці ўвогуле не паведамілі аб імавернай атацы.
Форум