Ціханоўская на пасяджэньні Сталага камітэту ПАРЭ: «Ізалюючы Лукашэнку, я прашу вас не ізаляваць беларускі народ»

Выступае Сьвятлана Ціханоўская.
Выступае Сьвятлана Ціханоўская.

Насьпеў час умацаваць супрацоўніцтва Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) і беларускіх дэмакратычных сіл, заявіла 24 траўня кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская на пасяджэньні Сталага камітэту ПАРЭ.

Галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў, што сустрэча была прымеркаваная да пачатку выкананьня Літвой функцый старшыні Камітэту міністраў Рады Эўропы.

Паводле слоў Ціханоўскай, дзякуючы ўмацаваньню супрацы ПАРЭ і дэмакратычных сіл зьявіцца магчымасьць распрацаваць «эфэктыўную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі».

Палітык падзякавала ПАРЭ, кожнай краіне арганізацыі ды іх парлямэнтам за «адданасьць свабоднай Беларусі і сувэрэннай Украіне», падкрэсьліўшы, што тыя змагаюцца «супраць аднаго і таго ж зла», «за адну і тую ж будучыню — мірную, дэмакратычную і квітнеючую Эўропу».

«Каб перамагчы, нам трэба, з аднаго боку, ізаляваць дыктатараў Пуціна і Лукашэнку, зь іншага — падтрымаць усіх, хто змагаецца за волю, — сказала яна. — Санкцыі — гэта не панацэя, а спосаб паслабіць дыктатарскія рэжымы, пазбавіць іх рэсурсаў для вядзеньня вайны і тэрору. Яны ня мусяць мець пралазаў і адступленьняў. Ізалюючы Лукашэнку, я прашу вас не ізаляваць беларускі народ».

Падзякаваўшы ПАРЭ за студзеньскую рэзалюцыю па Беларусі, Ціханоўская падкрэсьліла, што нельга дапусьціць «зьяўленьня новай жалезнай заслоны паміж Беларусьсю і Эўропай», бо «гэта тое, чаго хочуць дыктатары». «Пакуль мы размаўляем, менш чым за 100 кілямэтраў адсюль Лукашэнка прымае Пуціна ў Менску», — сказала дэмакратычная лідэрка.

Паводле яе слоў, з дапамогай Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спрабуе замацаваць свой кантроль над Беларусьсю, зьнішчыць яе сувэрэнітэт і нацыянальную ідэнтычнасьць людзей. Беларусь, лічыць яна, зьяўляецца «ключавым элемэнтам ваеннай машыны Пуціна, але і самым слабым яе зьвяном»: «Таму што беларусы ня хочуць Расеі».

«Мы хочам, каб Беларусь уступіла ў Раду Эўропы, — падкрэсьліла Ціханоўская. — Гэта будзе наш першы крок на шляху інтэграцыі ў Эўрапейскі зьвяз. А пакуль падтрымайце наш заклік надаць дэмакратычнай Беларусі статус назіральніка ў Камітэце міністраў. Давайце пазбавім нелегітымны рэжым у Менску права прадстаўляць Беларусь. Я ведаю, што гэта беспрэцэдэнтна. Але мы жывём у нетрадыцыйны час. І такія часы патрабуюць нестандартных рашэньняў».

Дэмакратычная лідэрка нагадала пра беларускіх палітвязьняў, шмат зь іх больш за год знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Яна падзякавала за запрашэньне ліквідаваных на радзіме, але працуючых за мяжой беларускіх партый да ўдзелу ў працы ПАРЭ, а таксама заклікала ўдзельнікаў пасяджэньня ўзяць удзел у канфэрэнцыі па Беларусі ў Люксэмбургу 6–7 чэрвеня.

«Мы абмяркуем ролю нацыянальных парлямэнтаў у вырашэньні праблем, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні, якіх рэжым пазбавіў дакумэнтаў, зрабіўшы сотні тысяч людзей фактычнымі асобамі без грамадзянства», — сказала палітык.

25 студзеня ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязьняў. У дакумэнце пацьверджана, што арганізацыя ўсё гэтак жа выступае за падтрымку і абарону правоў, свабодаў і бясьпекі ўсіх беларусаў.

​
XS
SM
MD
LG