Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Пуцін гатовы да перамір’я ва Ўкраіне па цяперашняй лініі фронту

Разбурэньні ў Харкаве, 23 траўня 2024 году
Разбурэньні ў Харкаве, 23 траўня 2024 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы спыніць вайну ва Ўкраіне і пагадзіцца на перамір’е, пры якім войскі застануцца на цяперашняй лініі фронту. Пра гэта ў пятніцу піша агенцтва Reuters са спасылкай на чатыры расейскія крыніцы.

Пры гэтым сьцьвярджаецца, што Пуцін гатовы працягваць вайну, калі Кіеў і Захад не пагодзяцца на замірэньне на гэтых умовах.

Масква і Кіеў пакуль не камэнтавалі публікацыю агенцтва. Пуцін раней заяўляў, што Расея гатовая да перамоваў, калі яны будуць «улічваць сытуацыю, якая склалася на зямлі». Адначасова ён сьцьвярджаў, што Расея па-ранейшаму імкнецца выканаць так званыя мэты «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (афіцыйная расейская назва вайны ва Ўкраіне), сфармуляваныя вельмі незразумела («дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя Ўкраіны»). Улады Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што гатовыя на перамовы толькі пасьля вываду расейскіх войскаў зь міжнародна прызнанай тэрыторыі краіны — у так званых межах 1991 году, на момант распаду СССР.

Як піша Reuters, тры крыніцы, знаёмыя з дыскусіямі ў асяродзьдзі расейскага прэзыдэнта, паведамілі агенцтву, што Пуцін у вузкім коле нібыта выказваў незадаволенасьць тым, што ўкраінскія ўлады не гатовыя да перамоваў на ягоных умовах, а Захад іх у гэтым падтрымлівае. Чацьвёртая крыніца, якая, як удакладняе Reuters, раней працавала з Пуціным, кажа, што Расея гатовая «замарозіць вайну», але пры гэтым можа і ваяваць далей.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у адказ на запыт Reuters сказаў, што Расея ня хоча «вечнай вайны» і гатовая да перамоваў — але толькі дзеля дасягненьня сваіх мэтаў.

На думку крыніц, на якія спасылаецца Reuters, Пуцін лічыць, што дасягнуты падчас вайны кантроль над шэрагам украінскіх тэрыторый можна будзе ў выпадку заключэньня перамір’я прадставіць расейскаму народу як «перамогу». Пры гэтым новы рашучы наступ запатрабуе чарговай мабілізацыі, якой, як сьцьвярджае адна з крыніц, Пуцін ня хоча, памятаючы пра непапулярнасьць так званай частковай мабілізацыі ў верасьні 2022 году.

У Швайцарыі ў чэрвені пройдзе міжнародная сустрэча па пытаньні аб магчымым завяршэньні вайны. Расея на канфэрэнцыю не запрошаная, у адрозьненьне ад шэрагу нэўтральных краін. Украіна чакае ад сустрэчы ўзгадненьня пазыцый дзясяткаў краін па пытаньні аб патрабаваньнях да Расеі як магчымай умове далейшых перамоваў.

У Маскве, аднак, ужо заявілі, што ня згодныя з так званай формулай міру, якая прадугледжвала б вывад расейскіх войскаў з усіх акупаваных тэрыторый Украіны. У той жа час расейскія прадстаўнікі станоўча адгукаюцца, напрыклад, пра пазыцыю Кітаю, які, па сутнасьці, заклікае пачаць перамовы без папярэдніх умоў.

Злучаныя Штаты і іншыя краіны Захаду сьцьвярджаюць, што Ўладзімір Пуцін цяпер насамрэч не праяўляе цікавасьці да сур’ёзных перамоваў пра мір. У Маскве, у сваю чаргу, абвінавачваюць Захад у тым, што ён забараняе Ўкраіне весьці перамовы.

Усе крыніцы таксама сьцьвярджаюць, што Пуцін не хітруе, кажучы, што Расея не зьбіраецца нападаць на краіны NATO. Шэраг краін-сябраў саюзу, уключаючы ЗША, выказваюць асьцярогі, што ў выпадку перамогі ва Ўкраіне наступнай цэльлю Пуціна могуць стаць краіны NATO, напрыклад, дзяржавы Балтыі.

На фронце ініцыятыва цяпер у руках расейскіх войскаў, аднак за апошнія месяцы яны так і не змаглі дабіцца прарыву. Найбольш істотным іх посьпехам за цэлы год застаецца ўзяцьце Аўдзееўкі. Украінскія вайскоўцы, у сваю чаргу, усё часьцей наносяць удары па аб’ектах глыбока ў тыле расейскіх войскаў.

Пра тое, што Пуцін хоча «замарозіць» канфлікт па бягучай лініі фронту, шэраг заходніх СМІ паведамлялі яшчэ ў канцы мінулага году. У лютым агенцтва Reuters пісала, што ЗША тады адкінулі падобную прапанову. Афіцыйна ні Масква, ні Вашынгтон, ні Кіеў не пацьвярджалі, што такія дыскусіі вяліся.

  • Расея ў 2014 годзе анэксавала Крым і падтрымала ўзброеных сэпаратыстаў у Данбасе, а ў 2022 годзе пачала шырокамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, якое Кіеў і Захад, як і большасьць краін ААН, ахарактарызавалі як несправакаваную агрэсію. Расеі ўдалося акупаваць частку ўкраінскай тэрыторыі. У баях загінулі дзясяткі тысяч вайскоўцаў з абодвух бакоў, тысячы мірных жыхароў Украіны, ёсьць ахвяры і сярод жыхароў Расеі. Вайна ацэньваецца як найбуйнейшая ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG