Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Байдэн, імаверна, ня возьме ўдзелу ў сустрэчы па Ўкраіне ў Швайцарыі

Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, прапусьціць сустрэчу па Ўкраіне ў Швайцарыі ў наступным месяцы дзеля мерапрыемства па зборы сродкаў на ягоную далейшую выбарчую кампанію, піша Bloomberg.

Міжнародная канфэрэнцыя ў Швайцарыі заплянаваная на 15–16 чэрвеня пасьля саміту «Вялікай сямёркі» ў Італіі. Некалькі лідэраў G7 зьбіраюцца на ёй прысутнічаць, але ні ў Байдэна, ні ў віцэ-прэзыдэнткі ЗША Камалы Гарыс такіх плянаў няма, расказалі Bloomberg ананімныя крыніцы, знаёмыя з пытаньнем.

Джо Байдэн павінен вылецець назад у ЗША з саміту ў Італіі 15 чэрвеня. На ягоным перадвыбарным мерапрыемстве ў Каліфорніі, як чакаецца, будуць прысутнічаць галівудзкія акторы Джулія Робэртс і Джордж Клуні, а таксама былы прэзыдэнт Барак Абама.

Байдэн аддае перадвыбарнай кампаніі ўсё больш часу, імкнучыся скараціць адставаньне ў апытаньнях ад свайго суперніка, рэспубліканца Дональда Трампа ў ключавых штатах, якія вагаюцца, перад галасаваньнем у лістападзе. Да таго ж, як піша Bloomberg, Трамп абыходзіць Байдэна па сабранай на кампанію суме. У перадвыбарнай скарбонцы ў экс-прэзыдэнта ўжо 76 мільёнаў даляраў, тады як у Байдэна — 51 мільён.

Меркаваная адсутнасьць Байдэна на канфэрэнцыі ў Швайцарыі таксама адлюстроўвае шырокі пэсымізм адносна гэтай сустрэчы, якую Швайцарыя пагадзілася арганізаваць пасьля візыту ў краіну ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, гаворыцца ў публікацыі.

Тым ня менш у Швайцарыю маюць намер прыехаць прадстаўнікі каля 70 краін — на тым ці іншым узроўні, уключаючы прэм’ер-міністра Канады Джастына Трудо і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца.

Бразылія і Кітай у сумеснай заяве 23 траўня заклікалі да мірных перамоваў па Ўкраіне з удзелам як Кіева, так і Масквы. У заяве ад імя міністра замежных спраў Кітаю Ван І і галоўнага дарадцы прэзыдэнта Бразыліі Сэлсу Амарыма гаворыцца, што іх краіны лічаць перамовы «адзіным жыцьцяздольным рашэньнем украінскага крызісу». Пры гэтым адзначаецца, што абедзьве дзяржавы падтрымліваюць міжнародную мірную канфэрэнцыю, «праведзеную ў зручны час, прызнаную і Расеяй, і Ўкраінай, з роўным удзелам усіх бакоў».

  • Усяго Швайцарыя запрасіла больш за 160 краін і міжнародных арганізацый, Расеі сярод запрошаных няма. Як раней растлумачыў Уладзімір Зяленскі, Украіна ня хоча, каб Масква сарвала працэс. Расейскіх прадстаўнікоў, паводле яго слоў, заангажуюць праз пасярэднікаў ужо на наступным этапе.
  • Масква, у сваю чаргу, заяўляла, што не ўзяла б удзелу ў сустрэчы ў Швайцарыі, нават калі б яе запрасілі. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсьліваў, што Расея не гатовая абмяркоўваць украінскую «формулу міру», адзін з галоўных пунктаў якой — вывад расейскіх войскаў з усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG